Беларуская Служба

Урад Польшчы выдзеліць чарговыя 22 млрд еўра на падтрымку прадпрымальнікаў

09.04.2020 08:39
У сераду пасля поўдня прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі прадставіў новую праграму дапамогі фірмам.
Матэвуш Маравецкі PAP/Marcin Obara

–Я хачу зрабіць усё, каб зменшыць беспрацоўе, бо гэта самая вялікая людская трагедыя. Мы не ведаем, як доўга будзе працягвацца эпідэмія, мы павінны захоўваць грамадскую ізаляцыю, але мы не можам спыніць эканоміку так, як гэта адбываецца цяпер. Мы павінны з новымі санітарнымі абмежаваннямі дазволіць фірмам працаваць, - гаварыў кіраўнік ураду.

Гэты «эканамічны шчыт» прадугледжвае дапамогу таксама вялікім фірмам, у адрозненні ад першай праграмы дапамогі, якая была прысвечана індывідуальным прадпрымальнікам і мікрафірмам.

Матэвуш Маравецкі растлумачыў, што сродкі паступяць як дробным, так і буйным кампаніям, абарот якіх у апошні час знізіўся на 25%. 75 млд злотых (16,6 млд еўра) трапяць да мікра, малых і сярэдніх фірм, а астатнія 25 млд злотых (5,5 млд еўра) да большых гаспадарчых суб’ектаў, якія плацяць падаткі ў Польшчы. Пры гэтым, 75% субсідыі пасля году можа быць фірме дараваная.

Для мікрафірм верхняя мяжа субсідый складзе 300 тысяч злотых (больш за 65 тыс. еўра). Для малых і сярэдніх прадпрыемстваў ліміт субсідыі складзе за 3,5 млн злотых (больш за 760 тыс. еўра).

Для атрымання фінансавання фірма павінна выканаць дзве ўмовы: працягваць гаспадарчую дзейнасць і не звальняць працаўнікоў.

ав