Беларуская Служба

Наступныя вучэнні амерыканскай арміі ў Польшчы пачнуцца ў аўторак

10.07.2020 20:11
Амерыканцы правераць гатоўнасць да хуткай дыслакацыі войска з мэтай хаўрусніцкай дапамогі еўрапейскім партнёрам.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:WikiImages/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства нацыянальнай абароны паведамляе, што ў аўторак (14.07) у Польшчы пачнуцца чарговыя вучэнні арміі ЗША. У іх будуць удзельнічаць таксама польскія  жаўнеры.

Практыкаванні па падрыхтоўцы да хуткай дыслакацыі(Emergency Deployment Readiness Exercise) пад кіраўніцтвам Міністэрствам абароны ЗША - гэта праверка гатоўнасці амерыканскай арміі на выпадак, калі трэба было б хутка перакінуць войскі праз Атлантычны акіян у рамках хаўрусніцкай дапамогі еўрапейскім краінам. У іх рамках, паміж 14 ліпеня і 23 жніўня, у Еўропу перакінуць амерыканскае бранятанкавае падраздзяленне.

У вучэннях прымуць удзел каля 500 вайскоўцаў з ЗША. Польскі бок будуць прадстаўляць жаўнеры 17-й механізаванай брыгады з Мендзыжэча (Międzyrzecze) і 12-й механізаванай брыгады са Шчэціна. На палігоне ля Драўска Паморскага (Drawsko Pomorskie) з'явяцца 55 танкаў Абрамс і баявых машын Брэдлі.

Вучэнні падзелены на тры этапы. У першую чаргу жаўнеры ЗША будуць перакінуты праз Атлантыку. Другі этап – транспарт цяжкай тэхнікі з палігона Берген-Хоне ў Германіі на палігон у Драўску Паморскім у Польшчы. Трэці этап - удзел польскіх і амерыканскіх вайскоўцаў у агнявой падрыхтоўцы.

Першапачаткова вучэнні Emergency Deployment Readiness Exercise павінны былі адбыцца падчас манеўраў DEFENDER-Europe 20. Аднак гэтыя планы былі зменены ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. З 5 па 19 чэрвеня на палігоне ў Драўску Паморскім польскія і амерыканскія войскі правялі камбінаваныя вучэнні „Allied Spirit” з удзелам каля 6 тысяч жаўнераў.

Мэтай DEFENDER-Europe 20 з'яўляецца фарміраванне стратэгічнай гатоўнасці да падтрымкі нацыянальнай абароннай стратэгіі ЗША і дасягненне асноўных мэтаў НАТА, уключаючы стрымліванне патэнцыяльных агрэсараў.

Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы гарантуе, што ў сувязі з эпідэміяй падчас вучэнняў будуць прынятыя ўсе неабходныя меры для забеспячэння вайскоўцаў-удзельнікаў і мясцовай супольнасці ад COVID-19.

аз