Беларуская Служба

Палякі выбіраюць прэзідэнта

12.07.2020 08:01
Нагадваем, выбарчыя ўчасткі адкрыты для галасавання з 7.00 -21.00.
     .
Кіраўнік Нацыянальнага выбарчага бюро Магдалена Петшак. PAP/Paweł Supernak

У Польшчы праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў. За галоўную пасаду ў дзяржаве змагаюцца дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда пры падтрымцы кіроўных Аб’яднаных правых сілаў і кандыдат ад апазіцыйнай „Грамадзянскай кааліцыі” мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі.

Кіраўнік Нацыянальнага выбарчага бюро Магдалена Петшак (Magdalena Pietrzak ) нагадала, што з-за эпідэміі каранавіруса, як і ў першым туры, дзейнічаюць пэўныя санітарныя абмежаванні.

- У выбарчых участках абавязкова трэба закрываць нос і рот. Калі нехта звольнены з гэтага абавязку, то добра было б зрабіць гэта ў моманце, калі атрымлівае выбарчыя бюлетэні і падпісваецца ў спісе выбаршчыкаў. Нагадваю таксама пра неабходнасць захавання дыстанцыі.

Некаторыя групы выбаршчыкаў, у тым ліку людзі старэйшыя за 60 гадоў, цяжарныя жанчыны, бацькі з дзецьмі да трох гадоў і асобы з абмежаванымі магчымасцямі змогуць галасаваць па-за чаргой. Такое рашэнне было ўведзена пастановай міністра аховы здароўя.

Нагадваем, выбарчыя ўчасткі адкрыты для галасавання з 7.00 -21.00. З поўначы з пятніцы на суботу да канца галасавання, гэта значыць да 21.00 гадзіны ў Польшчы дзейнічае перадвыбарчая цішыня.

аз