Беларуская Служба

Польская нацыянальная авіякампанія LOT узнаўляе чарговыя маршруты

06.08.2020 18:36
Авіякампанія LOT таксама паведаміла пра павелічэнне частаты рэйсаў на еўрапейскіх маршрутах. 
  c Boeing 787 Dreamliner    LOT
Дальнемагістральны шырокафюзеляжны cамалёт Boeing 787 Dreamliner дзяржаўнай польскай авіякампаніі LOTpkozmin/pixabay.com/CC0 Public Domain

Польская нацыянальная авіякампанія LOT узнаўляе чарговыя маршруты. У авіялініях абвясцілі аб узнаўленні з верасня рэйсаў з Варшавы ў Быдгашч і Люблін. Акрамя таго, пачынаючы з наступнага месяца LOT таксама павялічыць частату еўрапейскіх рэйсаў.

Рэйсы на абодвух унутраных маршрутах будуць выконвацца шэсць разоў на тыдзень, два разы на дзень – раніцай і ўвечары. Дзякуючы ўзнаўленню рэйсаў у Варшаву пасажыры з Быдгашчы і Любліна атрымаюць магчымасць падарожнічаць за мяжу са стыкоўкай рэйсаў у сталічным міжнародным аэрапорце імя Фрыдэрыка Шапэна.

Авіякампанія LOT таксама паведаміла пра павелічэнне частаты рэйсаў на еўрапейскіх маршрутах. Перавозчык паабяцаў некалькі рэйсаў у тыдзень у Ларнаку і Ніцу, а таксама каля дзясятка рэйсаў у Франкфурт-на-Майне, Амстэрдам, Парыж і Лондан. У той жа час колькасць штотыднёвых рэйсаў у Брусель, Прагу, Будапешт і Вільнюс павялічыцца амаль да дваццаці.

У выпадку адноснай стабільнасці эпідэмічнай сітуацыі польскі перавозчык мае намер з верасня аднавіць рух на асобных далёкаўсходніх маршрутах, у тым ліку ў Пекін і Дэлі. Яшчэ ў жніўні LOT узновіць рэйсы паміж Варшавай і Дублінам, а таксама Уроцлавам і Будапештам.

Як паведамлялася, у сакавіку ў сувязі з пандэміяй каранавіруса авіялініі LOT прыпынілі ўсе ўнутраныя і міжнародныя рэйсы.

вс