Беларуская Служба

Яцэк Чапутовіч: Ход выбарчай кампаніі, галасаванне і апошнія падзеi ў Беларусі супярэчаць міжнародным стандартам

10.08.2020 13:12
Паводле кіраўніка польскага МЗС, беларусы хочуць мець рэальны ўплыў на будучыню сваёй краіны.
    .
Кіраўнік польскай дыпламатыі Яцэк Чапутовіч.PAP/Radek Pietruszka

Кіраўнік польскай дыпламатыі Яцэк Чапутовіч (Jacek Czaputowicz) адзначыў, што выбары ў Беларусі паказалі ўсведамленне і актыўнасць ейных грамадзян, якія хочуць „мець рэальны ўплыў на фарміраванне будучыні сваёй краіны”.

Міністр адзначыў, што ход выбарчай кампаніі, само галасаванне і апошнія падзеi ў Беларусі супярэчаць міжнародным стандартам.

Яцэк Чапутовіч паведаміў, што кантактуе з паслом Польшчы ў Мінску Артурам Міхальскім.

- Ён прадставіў ацэнку сітуацыі з пункту гледжання польскага прадстаўніцтва. Зараз там адбываецца сустрэча амбасадараў краінаў-членаў Еўрасаюза. Агульная канстатацыя такая, што беларускае грамадства расчараванае паслявыбарчымі падзеямі. Мы хочам дасягнуць па гэтай справе кансэнсус і будзем супрацоўнічаць з іншымі краінамі.

Міністр Яцэк Чапутовіч падкрэсліў, што паведамленні СМІ з Беларусі трывожныя і існуе пагроза эскалацыі сітуацыі, якой міжнародная супольнасць павінна супрацьдзейнічаць.

Кіраўнік польскай дыпламатыі заявіў, што Польшча гатовая дапамагчы распачаць перамовы паміж уладамі Беларусі і прадстаўнікамі грамадства.

- Тут можна выкарыстаць досвед Польшчы, гаворка ідзе пра перамовы паміж уладамі ПНР і апазіцыяй у 1989 годзе. Гэта нейкая мадэль вырашэння сітуацыі. Мы гатовыя. Гэта можа быць польскі ўклад. Можам выконваць ролю пасярэдніка, служыць досведам, паколькі неабходна пачаць перамовы паміж уладамі і прадстаўнікамі беларускага грамадства.   

Адначасова кіраўнік Міністэрства замежных спраў адзначыў, што Польшча „нязменна зацікаўлена” у супрацоўніцтве і падтрымцы добрых адносін з Беларуссю. Ён таксама дадаў, што цягам апошніх пяці гадоў, то бок з таго часу, калі Еўрапейскі Саюз адмовіўся ад большасці санкцый у дачыненні да Беларусі, Польшча была прыхільнікам пашырэння супрацы краіны з Еўрапейскім Саюзам.  

аз