Беларуская Служба

Польскі віцэ-міністр замежных спраў параўновае сітуацыю ў Беларусі з Польшчай 40 гадоў таму

21.08.2020 10:01
Палітычная сістэма навязвае беларусам такі напрамак развіцця дзяржавы, з якім яны не згаджаюцца.
Paweł Jabłoński
Paweł JabłońskiPR24/AK

На думку намесніка міністра замежных спраў Польшчы Паўла Яблоньскага (Paweł Jabłoński), палякі павінны аказаць падтрымку беларусам у іх барацьбе за свабодную дзяржаву. Віцэ-міністр быў госцем адной з праграм Польскага радыё. Ён адзначыў, што пратэсты ў Беларусі можна параўнаць з тым перыядам, калі ў Польшчы нараджалася Салідарнасць.

- Пратэстуючыя маюць пачуццё, што няма незалежнасці. Палітычная сістэма навязвае беларусам такі напрамак развіцця дзяржавы, з якім яны не згаджаюцца. Калі Еўрапейскі Звяз дасць беларусам рэальную альтэрнатыву, магчымасць супрацоўніцтва, а нават далучэння да ЕЗ праз нейкі час, тады ў беларусаў паявіцца рэальны выбар. Цяпер жа яны гэтага выбару пазбаўлены.

Віцэ-міністр замежных спраў дадаў, што пакуль невядома, ці беларусы зацікаўленыя ў далучэнні да Еўразвязу. Удзельнікі пратэстаў перш за ўсё стараюцца дабіцца магчымасці самім вырашаць пра лёс сваёй краіны.

- Мы можам паказаць ім наш уласны прыклад. 40 гадоў таму нараджалася Салідарнасць, самы буйны мірны рух супраць камунізму, але перш за ўсё супраць таталітарызму, супраць дыктатуры. Сёння ў Беларусі назіраецца вельмі важны рух – там ідуць масавыя мірныя пратэсты. Гэта нешта, чаго не было за апошнія 40 гадоў, бо ў іншых месцах было кровапраліцце і насілле.

У Беларусі ўжо каля двух тыдняў працягваюцца масавыя мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Прыхільнікі Святланы Ціханоўскай патрабуюць прызнаць яе перамогу над Аляксандрам Лукашэнкам на выбарах.

ПР/нг