Беларуская Служба

Запрашаем слухаць навіны ў эфіры Польскага радыё па-беларуску на доўгіх хвалях!

21.08.2020 17:40
Невядома, як закончацца пратэсты ў Беларусі, але інфармацыя па-беларуску дапаможа грамадству прымаць рашэнні.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnePR

З суботы ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё тры разы ў дзень будуць гучаць навіны па-беларуску. Выданні падрыхтуюць і прадставяць журналісты Беларускай службы Польскага радыё.

Дырэктар Праграмы замежнага вяшчання Польскага радыё Анджэй Рыбалт, які быў ініцыятарам стварэння выпускаў навін на беларускай мове, адзначае, што невядома, як закончацца пратэсты ў Беларусі, але інфармацыя па-беларуску дапаможа грамадству прымаць рашэнні.

- Навіны, якія будуць гучаць па-беларуску на хвалях Польскага радыё, несумненна дапамогуць беларускаму грамадству зрабіць выбар. Яно зможа адказаць сабе на пытанне, ці варта далучацца да еўраатлантычнай цывілізацыі, закончыць дыктатуру, увесці рэформы – сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя.

Першая праграма Польскага радыё вяшчае на доўгіх хвалях на частаце 225 кГц. Яна ахоплівае ўсю Еўропу, у тым ліку Беларусь. Польскае радыё для замежжа з’яўляецца часткай грамадскага Польскага радыё. У 1992 годзе была створана Беларуская служба ў рамках дадзенай праграмы.

Журналісты інфармуюць пра парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, а ў якасці супрацьвагі дэманструюць дэмакратычную мадэль Еўрапейскага Звязу, эканамічнае супрацоўніцтва дзяржаў Еўропы, дзейнасць незалежных арганізацыяў трэцяга сектару.

Навіны па-беларуску ў эфіры Першай праграмы Польскага радыё будуць транслявацца ў 6.30, пасля 12.00 і вечарам пасля 22 гадзіны.

ПР/нг