Беларуская Служба

Прэм'ер-міністр Польшчы: Ініцыяваныя ў Беларусі змены будуць працягвацца

22.08.2020 08:04
Матэвуш Маравецкі падтрымаў незалежныя СМІ ў Беларусі даючы інтэрві’ю блогеру Nexta.
-   .
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.PAP/Wojciech Olkuśnik

Прэм'ер-міністр Польшчы ў інтэрв'ю вядомаму беларускаму незалежнаму блогеру Сцяпану Пуцілу (у інтэрнэце вядомы як Nexta), выказаў меркаванне, што ініцыяваныя ў Беларусі змены будуць працягвацца.

Матэвуш Маравецкі гаварыў пра імкненне беларусаў да поўнай свабоды.

- Я перакананы, што пераменаў, якія пачаліся ў Беларусі нельга ўжо спыніць. Імкненне да свабоды і дэмакратыі,  да таго, каб быць часткай буйной сям’і свабодных нацыяў будзе толькі расці і будзе цягнуць беларускі народ да канчатковай перамогі.

Гаворачы пра сітуацыю ў Беларусі кіраўнік польскага ўраду згадаў пра падзенне камунізму ў Польшчы і дадаў, што сітуацыя ў 1980-я гады была яшчэ „больш безнадзейнай”.

Нагадваем, польскі ўрад прыняў пакет дапамогі „Салідарныя з Беларуссю”, які прадугледжвае дапамогу пацярпелым у выніку рэпрэсіяў, падтрымку моладзі, студэнтаў і маладых навукоўцаў, няўрадавых арганізацыяў, грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і журналістаў, а таксама польскай меншасці ў Беларусі.

Для пацярпелых у выніку рэпрэсіяў будуць уведзеныя палягчэнні ў перасячэнні польска-беларускай мяжы.

Размова з прэм’ерам Маравецкім была размешчана таксама ў профілі кіраўніка польскага ўрада ў Фейсбуку.

аз