Беларуская Служба

У панядзелак Анджэй Дуда прыме ўдзел у саміце ініцыятывы «Рэгіён трох мораў» у Таліне

17.10.2020 16:11
Апрача пытанняў звязаных з супрацай у рамках ініцыятывы  на саміце будзе закранацца таксама сітуацыя ў Беларусі.
   .
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.fot. Jakub Szymczuk/KPRP

У панядзелак прэзідэнт Анджэй Дуда прыме ўдзел у саміце ініцыятывы „Рэгіён трох мораў” у Таліне. Пры нагодзе саміту амерыканскі сакратар па справах энергіі ЗША падпіша польска-амерыканскае пагадненне па развіцці ядзернай энергетычнай праграмы ў Польшчы. З-за пандэміі сустрэча ў Таліне часткова пройдзе ў дыстанцыйным фармаце.

Сустрэчу прадстаўнікоў краінаў-удзельніц ініцятывы „Рэгіён трох мораў” будзе ачольваць прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд. Акрамя Анджэя Дуды, у Талін прыедзе толькі прэзідэнт Балгарыі Румен Радзеў. Астатнія лідары ініцыятывы, а таксама стратэгічныя партнёры, як прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер і дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа, будуць удзельнічаць у сустрэчы дыстанцыйна. Пра свой удзел у саміце паведаміла таксама намесніца кіраўніка Еўракамісіі Маргрэтэ Вестагер.

Пры нагодзе саміту, упаўнаважаны польскага ўраду па стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі(Piotr Naimski) будзе размаўляць з міністрам энергетыкі ЗША Дэнам Бруйетам.

Падчас гэтай сустрэчы прадстаўнік ураду ЗША падпіша міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж урадамі Польшчы і ЗША па развіцці ядзернай энергетычнай праграмы і грамадзянскай атамнай прамысловасці ў Польшчы.

Саміт у Таліне таксама дасць магчымасць падсумаваць дасягненні ініцыятывы „Рэгіён трох мораў”.

Пры нагодзе візіту ў Таліне прэзідэнт Анджэй Дуда таксама правядзе асобныя сустрэчы з прэзідэнтам і прэм’ерам Эстоніі.

Акрамя эканамічных пытанняў і двухбаковых палітычных адносін, лідары маюць намер узняць пытанні, звязаныя з бяспекай у рэгіёне, асабліва ў кантэксце сітуацыі ў Беларусі.

Прэзідэнт Анджэй Дуда таксама прыме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці першай Польска-эстонскай гандлёвай палаты. У мінулым годзе гандлёвы абмен паміж краінамі склаў 1,4 млрд еўра.

аз