Беларуская Служба

Часовы шпіталь для хворых на COVID-19 адкрыюць на стадыёне ў Варшаве

19.10.2020 09:31
У канферэнц-залах Нацыянальнага стадыёну будзе створана каля пяцісот месцаў для пацыентаў.
Нацыянальны стадыён у ВаршавеArtMediaFactory/ Shutterstock

Па інфармацыі прэс-сакратара польскага ўраду Пятра Мюлера (Piotr Muller), у Варшаве на Нацыянальным стадыёне будзе адкрыты часовы шпіталь для асоб, хворых на COVID-19. Прадстаўнік Кабінету міністраў адзначыў, што часовы шпіталь – гэта адзін з элементаў стратэгіі ў рамках падрыхтаванага антыкрызіснага плану ўладаў.

- У канферэнц-залах Нацыянальнага стадыёну будзе створана каля пяцісот месцаў для пацыентаў. На месцы будзе магчымая кіслародная тэрапія. Гэтыя месцы неабходныя дзеля таго, каб усе пацыенты, якім патрэбная шпіталізацыя, маглі атрымаць дапамогу. Такі шпіталь можа працаваць доўгі час. Ужо некалькі месяцаў таму ўрад вызначыў месцы, дзе ёсць магчымасць стварыць часовы шпіталь у выпадку неабходнасці. Тады было вырашана выкарыстоўваць такія аб’екты, як стадыёны.

Пётр Мюлер адзначыў, што дзяржава задзейнічае сродкі, якія былі падрыхтаваныя на выпадак другой хвалі эпідэміі. Па ягоных словах, на складах Агенцтва матэрыяльных рэзерваў ёсць неабходныя запасы, у тым ліку апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх.

ПР/нг