Беларуская Служба

Часовыя шпіталі для хворых на COVID-19 збудуюць у вялікіх гарадах Польшчы

20.10.2020 08:09
Першы шпіталь ужо будуецца на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве.
   ,        COVID-19
Нацыянальны стадыён у Варшаве, дзе ствараецца часовы шпіталь для хворых на COVID-19PAP/Paweł Supernak

З учарашняга дня каля сотні медычных работнікаў – медсясцёр і лекараў – выразіла жаданне пачаць працу ў новым часовым шпіталі для хворых на COVID-19. Шпіталь будзе размешчаны на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве. Гэта першы такога тыпу медычны аб’ект у Польшчы.

Кіраўнік Канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык заявіў у эфіры Польскага радыё, што назіраецца вялікі энтузіязм медперсаналу, які імкнецца дапамагчы хворым.

- Вялізная самаахвярнасць медычнага персаналу – лекараў, медсясцёр, медычных выратавальнікаў са шпіталя Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ў Варшаве. Шмат людзей удзельнічае ў гэтай акцыі. А гэта вельмі маштабнае мерапрыемства – неабходна не толькі паставіць ложкі для пацыентаў, але таксама арганізаваць патрэбную інфраструктуру – правесці кіслароднае ды іншае абсталяванне. Неабходна зладзіць гэта за вельмі кароткі час, што з’яўляецца складанай задачай. Шмат людзей уключылася ў гэты праект з сапраўды вялікай самаахвярнасцю.

Часовыя шпіталі для хворых на COVID-19 плануюць збудаваць ва ўсіх ваяводскіх гарадах Польшчы. Ідзе праца над падрыхтоўкай месцаў для такіх аб’ектаў. Дадзеная задача ўскладзена на ваяводаў, якія працуюць пад кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

ПР/нг