Беларуская Служба

Тры міжнародныя кансорцыумы хочуць распрацаваць генеральны план польскага Цэнтральнага камунікацыйнага порта

12.11.2020 16:12
Кампанія, адказная за будаўніцтва нацыянальнага хаба, плануе падпісаць кантракт з падрадчыкам да канца бягучага года.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: StelaDi/pixabay.com/CC0 Public Domain

Тры міжнародныя кансорцыумы падалі заяўкі на ўдзел у рэалізацыі генеральнага плана Цэнтральнага камунікацыйнага порта ў Польшчы. Кампанія, адказная за будаўніцтва аэрапорта, плануе да канца бягучага года падпісаць кантракт з падрадчыкам.

Зацікаўленне будаўніцтвам польскага хаба выказалі кансорцыумы, якія прадастаўляюць інжынерныя і архітэктурныя паслугі, а таксама займаюцца кіраваннем і наглядам за будаўніцтвам аэрапортаў у розных частках свету.

Элементамі генеральнага плана стануць: падрабязнае размяшчэнне аэрапорта і канцэпцыя розных варыянтаў яго будаўніцтва, якія павінны рыхтавацца паралельна з экалагічнымі і палявымі даследаваннямі. План таксама будзе ўключаць прагнозы паветранага руху, аналіз прапускной здольнасці запланаванай інфраструктуры аэрапорта, канцэпцыю развіцця хаба і этапы будаўніцтва, а таксама аналіз выдаткаў і г.д.

Генеральны план Цэнтральнага камунікацыйнага порта будзе гатовы ў 2022 годзе, але зацвярджэнне асобных яго кампанентаў павінна пачацца ўжо ў наступным годзе.

Паралельна працягваецца выбар стратэгічнага кансультанта. У другой палове кастрычніка свае заяўкі падалі два азіяцкія аэрапорты: Інчхон у Сеуле і Нарыта ў Токіо. Стратэгічны кансультант павінен загарантаваць аператыўныя і камерцыйныя веды ў галіне праектавання, будаўніцтва і эфектыўнага кіравання буйным хабам. Польскі бок плануе выбраць стратэгічнага кансультанта да канца года.

Паводле ўрадавых планаў, першыя пасажыры аэрапорта павінны быць абслужаны ў канцы 2027 года. Першапачаткова Цэнтральны камунікацыйны порт, які будзе размяшчацца паміж Варшавай і Лоддзю павінен абслугоўваць ад 30 да 45 мільёнаў пасажыраў у год. У канчатковым рахунку, гэта можа быць да 100 мільёнаў.

аз