Беларуская Служба

Польшча не збіраецца пакідаць ЕЗ

23.11.2020 11:02
Па словах намесніка міністра замежных спраў Шымона Шынкоўскага вэль Сэнка, палітыкі апазіцыі, якія кажуць аб такіх планах, вядуць сябе вельмі безадказна.
Szymon Szynkowski vel Sęk, sekretarz stanu w MSZ
Szymon Szynkowski vel Sęk, sekretarz stanu w MSZ Foto: Polskie Radio dla Zagranicy

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк на хвалях Польскага радыё запэўніў, што ўрад не плануе выхаду Польшчы з Еўрапейскага Звязу. Па яго словах, палітыкі апазіцыі, якія кажуць аб такіх планах, вядуць сябе вельмі безадказна.

Палітык выказаў перакананне ў тым, што Польшча мае права лічыць, што Еўрапейскі Звяз дапускае памылку, прапаноўваючы механізм прывязкі выплатаў з фондаў ЕЗ да вяршэнства права ў абранай краіне. Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк растлумачыў, што, на думку ўрада, падтрымка гэтага механізму «будзе мець далёка ідучыя наступствы для Еўрапейскага Звязу». «Мы маем права казаць пра гэта, таму што хочам моцнага Еўрапейскага Звязу», – дадаў намеснік міністра.

Урад Польшчы лічыць, што згаданы механізм дазволіць ажыццяўляць палітычны ўплыў на дзяржавы-члены Супольнасці. Варшава лічыць, што прывязка еўрапейскай да дапамогі да пытання вяршэнства права не адпавядае дамовам ЕЗ і прынцыпам салідарнасці, на якіх заснавана супольнасць.

Нагадаем, у мінулы панядзелак краіны ЕЗ не дасягнулі адзінага меркавання адносна доўгатэрміновага бюджэту і рашэнняў па Фонду аднаўлення. Польшча і Вугоршчына выказалі перасцярогі ў сувязі з Палажэннем аб прывязцы фондаў ЕЗ да пытання вяршэнства права. Аднак рэгламент быў прыняты кваліфікаванай большасцю краінаў.

PR/эж