Беларуская Служба

Грамадскае Польскае радыё адзначае 95-годдзе

26.11.2020 08:01
З гэтай нагоды радыёстанцыя запусціла новы мультымедыйны сайт, прысвечаны гісторыі Польскага радыё.
Siedziba Polskiego Radia przy al. Niepodległości w Warszawie
Siedziba Polskiego Radia przy al. Niepodległości w Warszawie Polskie Radio

95 гадоў таму, 26 лістапада 1925 года, Польскае радыё пачало рэгулярную трансляцыю сваіх перадачаў. Праз некалькі месяцаў, 18 красавіка 1926 года, стартавала радыёвяшчальная станцыя ў Варшаве.

З гэтай нагоды быў адкрыты новы мультымедыйны сайт, прысвечаны гісторыі Польскага радыё. На інтэрнэт-старонцы 95lat.polskieradio.pl прадстаўленыя найбольш важныя дасягненні грамадскай радыёстанцыі.

Афіцыйнай датай узнікнення Польскага радыё лічыцца 1 лютага 1925 года, калі ў эфір выйшла першая эксперыментальная перадача.

У першыя гады радыёпраграма транслявалася ў прамым эфіры толькі некалькі гадзін у дзень. Толькі ў другой палове 1930-х гадоў трансляцыя працягвалася ўжо цэлы дзень. Першапачаткова перадачаў слухалі менш за 5 тысяч чалавек, а большую частку эфірнага часу займала музыка.

Ужо ў 1927 годзе Польскае радыё пачало міжнародны абмен перадачамі. Сталі магчымыя трансляцыі спартыўных спаборніцтваў, а ў міжваенным перыядзе важнай падзеяй былі трансляцыі Міжнароднага піяністычнага конкурсу імя Фрыдэрыка Шапэна.

З самага пачатку кіраўніцтва радыё рабіла стаўку на развіццё рэгіянальных радыёстанцыяў, мяркуючы, што перадачу для ўсяе Польшчы не можа рыхтаваць толькі з Варшавы.Такім чынам узніклі радыёвяшчальныя станцыі ў Кракаве, Познані, Катавіцах, Вільні, Львове, Лодзі і Торуні. У 1937 годзе была адкрыта радыёстанцыя Варшава ІІ, а 1 ліпеня 1938 года - радыёвяшчальная станцыя ў Баранавічах.

У 1927 годзе Польскае радыё пачало трансляваць нядзельныя імшы, якія служыліся ў катэдры ў Познані. Калі ў 1932 годзе была запушчана Ватыканская радыёстанцыя, Польскае радыё пачало трансляваць таксама папскія благаслаўленні, а затым звароты Святога Айца.

З радыёстанцыяй ад самага пачатку супрацоўнічалі шматлікія выдатныя пісьменнікі, дырыжоры і акцёры. Перадачы Польскага радыё мелі сучасны і высокі мастацкі ўзровень. У эфір выходзілі сельскагаспадарчыя, эканамічныя перадачы, перадачы для дзяцей, а таксама метэаралагічныя паведамленні.

аз