Беларуская Служба

Польскія ўлады намагаюцца змяніць рашэнне брытанцаў адключыць ад апаратуры хворага паляка

19.01.2021 10:37
У выніку затрымкі працы сэрца мужчына знаходзіцца ў коме.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnesfam_photo/ Shutterstock

Старшыня Пастаяннай камісіі Рады міністраў Польшчы Лукаш Шрайбэр (Łukasz Schreiber) заявіў, што ўрад прымае меры ў справе хворага паляка ў Вялікабрытаніі. У выніку затрымкі працы сэрца мужчына знаходзіцца ў коме. Шпіталь у горадзе Плімут звярнуўся ў суд з просьбай дазволіць адключыць абсталяванне для жыццезабеспячэння, на што пагадзіліся жонка і дзеці мужчыны, якія пражываюць у Англіі. Аднак яго маці і сястра, якія жывуць у Польшчы, а таксама іншыя сястра і пляменніца, якія жывуць у Англіі, выступілі супраць.

Лукаш Шрайбэр па Першым канале Польскага тэлебачання заявіў, што гэтай справай занялося Міністэрства замежных спраў:

- Адпаведныя крокі мы ўжо прынялі і будзем прымаць далей. Калі сваякі пацыента не згаджаюцца на адключэнне апаратуры і просяць змагацца за жыццё пацыента, а лекары і так адключаюць, гэта негуманна. Мы не можам гэтага дапусціць.

Міністр замежных спраў Збігнеў Раў заявіў надоечы ў эфіры Польскага радыё, што польскія ўлады выкарысталі ўсе магчымасці, каб выратаваць паміраючага. У працэс былі ўцягнуты польскія консульскія службы ў Вялікабрытаніі, у тым ліку пасол Аркадзь Рэгоцкі. Намеснік міністра юстыцыі Марцін Раманоўскі накіраваў ліст свайму калегу ў Вялікабрытаніі. Сакратар канцылярыі прэзідэнта Кшыштаф Шчэрскі ўчора размаўляў з паслом Вялікабрытаніі ў Польшчы Аннай Клунес. Размова адбылася па просьбе прэзідэнта Анджэя Дуды.

ІАР/нг