Беларуская Служба

Эксперты: Пры Джо Байдэне палітыка ЗША ў дачыненні да Польшчы істотна не зменіцца

20.01.2021 08:31
Паводле адмыслоўцаў, новы амерыканскі прэзідэнт будзе падтрымліваць добрыя адносіны з саюзнікамі па НАТА.
 .
Белы дом. Photo: 12019/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ні палітыкі, ні эксперты не чакаюць істотнага пахаладання ў адносінах паміж Польшчай і ЗША. Сёння пасля поўдня паводле польскага часу Джо Байдэн прынясе прэзідэнцкую прысягу ў Вашынгтоне. Такім чынам закончыцца тэрмін паўнамоцтваў Дональда Трампа.

Эксперты падкрэсліваюць, што цеснае ваеннае супрацоўніцтва паміж Варшавай і Вашынгтонам пры Джо Байдэне не зменіцца. Новы амерыканскі прэзідэнт будзе падтрымліваць добрыя адносіны з саюзнікамі па НАТА, паколькі ён добра ведае, якую пагрозу ўяўляе Расія ва Усходняй Еўропе.

Матэвуш Пятроўскі(Mateusz Piotrowski) з Польскага інстытута міжнародных адносін лічыць, што Джо Байдэн не будзе выводзіць з Польшчы жаўнераў, якіх Дональд Трамп паабяцаў сюды накіраваць:

- Я не спадзяюся, што Джо Байдэн неадкладна вырашыць накіраваць у Польшчы яшчэ больш жаўнераў, паколькі яшчэ не рэалізаваныя ранейшыя аб’яцанні Трампа па гэтай справе. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра падтрымку ранейшых дамоваў і, магчыма, перанясенне часткі спраў з узроўню двухбаковых адносін на форум НАТА.

Нагадваем, прэзідэнт Дональд Трамп паабяцаў накіраваць у Польшчу яшчэ тысячу амерыканскіх жаўнераў. Працэс іх адпраўкі зараз працягваецца. Папярэднік Трампа Барак Абама накіраваў 5 000 амерыканцаў ва ўсходні рэгіён Еўропы, уключаючы Польшчу. У апошнія гады ЗША таксама прадалі ЗПГ Польшчы. Пачалося супрацоўніцтва ў галіне новых тэхналогій.

Міністр Кшыштаф Шчэрскі некалькі дзён таму заявіў ў эфіры Трэцяй праграмы грамадскага Польскага радыё, што ў гэтых сферах не трэба чакаць зменаў у амерыканскай палітыцы ў дачыненні да Польшчы:

- Усе гэтыя справы карысталіся ў ЗША падтрымкай абедзвюх палітычных фракцыяў. За гэта мы змагаліся. Супрацоўнічаючы з прэзідэнтам Трампам мы адначасова пераконвалі да сваёй пазіцыі дэмакратаў. Таму сёння ў ЗША няма дыскусіяў па гэтых справах, паколькі яны з’яўляюцца супольным інтарэсам Польшчы і ЗША.  

Падчас тэрміну паўнамоцтваў Дональда Трампа ЗША таксама адмянілі візы для палякаў у ЗША.

аз