Беларуская Служба

П. Солях: «Сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца важнай тэмай польска-украінскіх кансультацый»

21.01.2021 15:50
У відэаканферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі польскай, украінскай і беларускай апазіцыі.
     .
Кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павел Солях.Foto: Wojciech Kusinski/Polskie Radio

Сітуацыя ў Беларусі з'яўляецца важнай тэмай польска-украінскіх кансультацый па пытаннях бяспекі, заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павел Солях (Paweł Soloch). Ён падкрэсліў важнасць незалежнай, дэмакратычнай Беларусі для бяспекі Польшчы і Украіны. У сераду адбыўся польска-украінскі семінар па сітуацыі ў Беларусі. У відэаканферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі польскай, украінскай і беларускай апазіцыі.

«Гэта чарговая інтэнсіўная кансультацыя з Саветам нацыянальнай бяспекі Украіны ў апошні час. У апошнія месяцы сітуацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш важнай тэмай нашага супрацоўніцтва», – заявіў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі. «Асновай нашай бяспекі – і Украіны, і Польшчы – зʼяўляецца незалежная, дэмакратычная Беларусь, жыхары якой самі вырашаюць лёс сваёй краіны», – падкрэсліў ён. «Таму мы жыццёва зацікаўлены ў падтрымцы працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі. Мы таксама клапоцімся аб узгодненай і рашучай палітыцы Захаду ў адносінах да існуючага рэжыму ў Беларусі», – дадаў ён.

Солях выказаў задавальненне тым, што «у дыскусіі прынялі ўдзел прадстаўнікі незалежных беларускіх колаў, у тым ліку кіраўнік беларускага Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка». «Яны падкрэслілі важнасць падтрымкі, якую аказваюць Польшча і Украіна пераследаваным беларускім грамадзянам, але таксама ў больш шырокай перспектыве, звязанай з фармаваннем агульнай пазіцыі Захаду адносна сітуацыі ў Беларусі», – сказаў ён. Ён дадаў, што развіццё падзей у Беларусі і падтрымка яго стане прадметам далейшых кансультацый, якія ўключаць наступную сустрэчу Люблінскага трохкутніка – прадстаўнікоў Польшчы, Літвы і Украіны.

У дыскусіі прынялі ўдзел сакратары саветаў бяспекі Польшчы і Украіны Павел Солях і Алексій Данілаў, намеснікі міністраў замежных спраў Марцін Пшыдач і Васіль Боднар, дырэктар OSW Адам Эберхардт, дарадца міністра замежных спраў Украіны Уладзімір Хандогій, выканаўчы дырэктар ініцыятывы экспертаў у галіне бяспекі iSANS (Міжнародная сетка стратэгічных дзеянняў па бяспецы) Улад Кобец і кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Відэаканферэнцыя складалася з дзвюх панэляў, прысвечаных ацэнцы бягучай сітуацыі ў Беларусі, а таксама аналізу патэнцыяльных дзеянняў Польшчы і Украіны ў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежнасці Беларусі. Семінар быў арганізаваны Бюро нацыянальнай бяспекі і Саветам нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.

PAP/нг