Беларуская Служба

Польскія ўлады выдзяляюць грошы на актывізацыю людзей старэйшага ўзросту

01.03.2021 14:07
Праграма павінна, між іншым, дапамагчы асобам старэйшага ўзросту пазнаёміцца з лічбавымі тэхналогіямі.
        .
Міністр па справах сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.Foto: Wojciech Kusiński/Polskie Radio

Міністр па справах сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг(Marlena Maląg) паведаміла, што з 4 сакавіка можна падаваць заяўкі на праграму падтрымкі пажылых людзей „Актыўныя плюс”.

Арганізацыі, якія рыхтуюць заняткі па актывізацыі людзей старэйшага ўзросту, могуць атрымаць гранты ў памеры ад 25 да 250 тысяч злотых. Праграма павінна, між іншым, дапамагчы асобам старэйшага ўзросту пазнаёміцца з лічбавымі тэхналогіямі.

Міністр Малёнг нагадала, што ў рамках актывізацыі прадугледжаная таксама падтрымка развіцця дамоў для пажылых людзей:

- Мы зацікаўленыя ва ўвядзенні праграмаў па актывізацыі старэйшых асобаў, каб іх восень жыцця была актыўная. Гаворка ідзе пра праграму „Старэйшыя Плюс”, у рамках якой узнікаюць дамы і клубы для пажылых людзей. У 2015 годзе ў Польшчы іх было каля 100, а цяпер іх ужо каля 900. Яны карыстаюцца вялікім зацікаўленнем.

Міністр па справах сям'і і сацыяльнай палітыкі падкрэсліла, што ў гэтым годзе на фінансавую падтрымку пажылых людзей будзе выдзелена каля 36 мільярдаў злотых. Увесь пакет падтрымкі будзе ахопліваць індэксацыю пенсій, а таксама выплаты трынаццатай і чатырнаццатай пенсій.

аз