Беларуская Служба

Журналісты правялі расследаванне акалічнасцяў авіякатастрофы 10.04.2010 пад Смаленскам

18.04.2021 09:30
Фільм «Стан пагрозы» атрымаў узнагароды на 11 міжнародных кінафестывалях.
Maria i Lech Kaczyńscy (2009)
Maria i Lech Kaczyńscy (2009)Kancelaria Prezydenta RP/archiwum

Польскае тэлебачанне сёння пакажа фільм пад назваю «Стан пагрозы». Дакументальная стужка прадстаўляе невядомыя дагэтуль акалічнасці падзей 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам, калі разбіўся самалёт з польскай прэзідэнцкай парай і высокапастаўленымі чыноўнікамі на борце. Фільм стаў вынікам дзесяці гадоў журналісцкага расследавання.

Рэжысёр стужкі Эва Станкевіч адзначае, што гэта была таксама спроба коратка прадставіць факты, каб яны былі зразумелыя для гледачоў за мяжою.

- Самы вялікі козыр гэтага фільму ў тым, што прыводзяцца крыніцы інфармацыі, вельмі сур’ёзныя крыніцы. Існуе неабходнасць упарадкаваць спосаб падачы інфармацыі ў сітуацыі, калі ідуць інтэнсіўныя кампаніі дэзынфармацыі, якія датычаць гэтай трагедыі. Пра Смаленск можна сказаць усё і ўсё таксама аспрэчыць. Мы прадстаўляем інфармацыю з сур’ёзных крыніц, пацверджаных установамі польскай дзяржавы.

Па словах аўтараў стужкі, у ёй прадстаўлены крыніцы інфармацыі, якія распавядаюць пра шмат невядомых дагэтуль падзей.

Фільм «Стан пагрозы» атрымаў узнагароды на 11 міжнародных кінафестывалях. Ідзе падрыхтоўка кнігі і другой часткі карціны, у якую ўвойдуць, у прыватнасці, інтэрв’ю з тэхнічным персаналам, які абслугоўваў машыну і сведкамі запужвання асоб, якія, паводле афіцыйнай версіі, здзейснілі самагубства.

нг

На здымку - прэзідэнт Лех Качыньскі з жонкай Марыяй загінулі падчас авіякатастрофы