Беларуская Служба

Інстытут нацыянальнай памяці ўзнавіў пошукі ахвяр камуністычнага тэрору

20.04.2021 10:11
Пошукавыя працы вядуцца на тэрыторыі былой следчай турмы НКУС/СБ, вядомай пад назвай „Таледа”. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія каты расстрэльвалі тут жаўнераў ды актывістаў антыкамуністычнага падполля.
Здымак мае ілюстрацыйны характарhttps://ipn.gov.pl/

Намеснік старшыні Інстытута нацыянальнай памяці, прафесар Кшыштаф Швагжык, які адказваў за пошукі, заявіў Польскаму радыё, што цяперашняя дзейнасць яго каманды – гэта працяг леташніх пошукаў.

- Ідзецца пра месца, дзе мы знайшлі парэшткі 18 чалавек восенню і летам мінулага года. Як мы падазраем, тых людзей забілі ў гэтай турме, а потым пахавалі ва ўнутраным дворыку і каля сцяны турмы. Мэта нашага вяртання сюды ў гэтым годзе - пашырыць аб'ём пошукаў на іншую тэрыторыю ля сцяны турмы і знайсці рэшткі тых, каго да гэтага часу не ўдалося знайсці.

Прафесар Кшыштаф Швагжык нагадаў, што "Таледа" - гэта месца расстрэлу соцень людзей.

- Мы мяркуем, што больш за ўсё людзей было забіта, а потым пахавана ў 1944 - 1947 гады. Прынамсі ідзецца пра 136 пакараных смерцю і невядомую колькасць, я думаю, што шмат дзесяткаў чалавек, закатаваных тут. Агулам не менш за 200 чалавек.

Як дадаў віцэ-прэзідэнт Інстытута нацыянальнай памяці, не выключана, што большасць ахвяр былі пахаваны на тэрыторыі турмы. Ён таксама нагадаў, што некалькі гадоў таму на могілках у Брудне былі знойдзены астанкі больш за 20 чалавек, пакараных смерцю ў камеры катаванняў НКУС / УБ з турмы на вуліцы Намыслоўскай.

Цяперашні этап прац Інстытута нацыянальнай памяці на месцы былой турмы "Таледа" працягнецца да канца красавіка. Аднак ужо вядома, што на гэтым пошукі не скончацца.

ПР/юл