Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы вядзе перамовы з лідарамі рэгіёна напярэдадні саміту па клімаце

20.04.2021 15:04
У аўторак Анджэй Дуда размаўляў з прэзідэнтам Балгарыі Руменам Радзевым.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй ДудаPAP/Rafał Guz

 У гэтым годзе Балгарыя старшынствуе ў Ініцыятыве "Трох мораў".

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн запрасіў польскага прэзідэнта Анджэя Дуду прыняць удзел у віртуальным саміце лідараў найбуйнейшых сусветных эканомік, прысвечаным абароне клімату. У саміце, які адбудзецца 22-23 красавіка, плануецца ўдзел кіраўнікоў каля 40 краін, у тым ліку Кітая, Індыі, Бразіліі ды Расіі.

Прэзідэнты Польшчы ды Балгарыі сышліся ў меркаванні, што з пункту гледжання краін рэгіёну "Трох мораў" у кантэксце кліматычнай палітыкі найбольш важным з'яўляецца захаванне балансу паміж трыма элементамі: забеспячэннем энергетычнай бяспекі, аховай прыроднага асяроддзя ды забеспячэннем справядлівых пераўтварэнняў для грамадства.

Прэзідэнты падкрэслілі, што рэалізацыя згаданых мэтаў павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з рознымі эканамічнымі і інфраструктурнымі ўмовамі асобных краін. Прэзідэнты прызналі, што "нас аб'ядноўваюць агульныя мэты і амбіцыі, але кожная краіна павінна мець магчымасць выбраць свой шлях для іх дасягнення", гаворыцца ў паведамленні прэсавай службы.

Прэзідэнты Польшчы і Балгарыі таксама абмеркавалі пытанне падрыхтоўкі да саміту "Трох мораў", які плануецца правесці ў Сафіі ў ліпені гэтага года.

ПР/юл