Беларуская Служба

Беларусы, не падманвайце ў Польшчы, гэта можа дорага каштаваць!

12.05.2021 15:33
Трое беларусаў хацелі здаць дзяржаўны экзамен па польскай мове за суайчыннікаў, якія падалі заяву на пастаяннае жыхарства ў Польшчы.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Grabowski Foto

Трое беларусаў хацелі здаць дзяржаўны экзамен па польскай мове за суайчыннікаў, якія падалі заяву на пастаяннае жыхарства ў Польшчы. За паслугу яны ўзялі 250 еўра, цяпер панясуць пакаранне.

Як паведаміла ў сераду прэс-сакратар Дэпартамента памежнай службы Бешчад маёр Эльжбета Пікар, станоўчы вынік такога экзамену з'яўляецца адной з умоў атрымання замежнікамі права на пастаяннае пражыванне ў Польшчы.

Здарэнне адбылося 8 мая ў адным з універсітэтаў у Жешаве. Супрацоўнікі памежнай службы, якія маюць досвед вызначэння сапраўднасці дакументаў, дапамагалі ўніверсітэту ў праверцы асобы замежнікаў, якія падалі дакументы на іспыт.

«Падчас кантролю ўзніклі падазрэнні наконт сапраўднасці пашпартоў і асобы трох грамадзян Беларусі: адной жанчыны і двух мужчын. Аказалася, што старонкі з асабістымі дадзенымі былі незаконна падменены», – паведаміла Пікар.

Яна падкрэсліла, што дадзеныя людзей у пашпартах – гэта дадзеныя тых замежнікаў, якія на самой справе павінны былі здаць іспыт, але даты нараджэння і фотаздымкі былі тых, хто зʼявіўся на іспыт.

«На самай справе ашуканцы значна адрозніваліся па ўзросце ад тых, за каго яны збіраліся здаць экзамены. Адзін з іх, 25-гадовы мужчына, павінен быў здаваць іспыт за 50-гадовага суайчынніка» – паведаміла маёр.

Яна падкрэсліла, што затрыманыя замежнікі легальна працуюць і вучацца ў Польшчы. Ім высунутыя абвінавачанні ў выкарыстанні падробленых дакументаў. Яны патлумачылі, што за 250 еўра на чалавека яны збіраліся здаць экзамен па польскай мове ў якасці дапамогі сваім суайчыннікам, якія не валодаюць нашай мовай. Тыя, у сваю чаргу, на падставе атрыманага пасведчання збіраліся падаць дакументы на пражыванне ў Польшчы.

Затрыманыя добраахвотна згадзіліся заплаціць штраф у памеры 4000 злотых кожны.

ПАД/нг