Беларуская Служба

Матэвуш Маравецкі звярнуўся да палякаў у спецыяльным лісце

24.07.2021 14:34
У звароце гаворка ідзе пра «Новы польскі лад».
Premier Mateusz Morawiecki
Premier Mateusz Morawiecki Twitter/@PremierRP

Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі звярнуўся да палякаў у спецыяльным лісце. Ён напісаў, што так званы «Польскі лад (або курс)» – гэта шанец пабудаваць сапраўдны сярэдні клас, «не для выбраных, а для самай шырокай групы палякаў». Кіраўнік урада праінфармаваў, што яго кабінет міністраў хоча прадставіць ключавыя рашэнні польскага ладу ў наступным годзе. «Большы заробак, бяспечная будучыня для польскіх семʼяў, годныя пенсіі і добры клімат для развіцця польскіх кампаній. Гэта лозунгі, якія гадамі гучалі як наіўныя мары. Сёння мы нарэшце блізкія да таго, каб гэтыя мары сталі рэальнасцю. Польскі лад – гэта наш шлях да пабудовы дзяржавы. Гэта наш шлях да еўрапейскага ўзроўню жыцця», – напісаў прэмʼер-міністр.

У лісце кіраўнік ураду заявіў, што шляхам да росквіту сярэдняга класу будзе, у прыватнасці, свабодная ад падатку сума заробку ў памеры 30 000 злотых і вызваленне ад падаткаў пенсіянераў, якія атрымліваюць да 2500 злотых пенсіі. «Кожны месяц яны будуць атрымліваць усё больш грошай. Мы працягваем падтрымку польскіх семʼяў. Дзякуючы польскаму ладу яны змогуць дазволіць сабе ўласны дом ці кватэру. А нашы дзеці будуць вучыцца ў адрамантаваных і лепш абсталяваных школах. Гэта вялікая інвестыцыя ў іх будучыню», – напісаў прэмʼер-міністр.

Прэмʼер-міністр абвясціў, што выдаткі на ахову здароўя павялічацца да 7 працэнтаў ВУП на працягу некалькіх гадоў. Па словах кіраўніка ўрада, праграма «Польскі лад» дазволіць краіне хутка развівацца і неўзабаве ўступіць у лік краін з «першай еўрапейскай лігі».

IAR/нг