Беларуская Служба

Польшча – магнат у вытворчасці чарнаплоднай рабіны

31.07.2021 09:32
Вяртаецца мода на прадукты з гэтых ягад, у тым ліку касметыкі.
Чарнаплодная рабінаGoranH/pixabay.com/CC0

Польшча з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам ароніі ў свеце. Штогадовы ўраджай ацэньваецца ў 45-50 тысяч тон, што складае прыкладна тры чвэрці сусветнага запасу.
Павел Эгерт з Нацыянальнай асацыяцыі вытворцаў чарнаплоднай рабіны «Aronia Polska» паведаміў, што з ростам попыту рэнтабельнасць вытворчасці гэтых ягад паляпшаецца.

«Аронія вяртаецца як расліна, якую спажыўцы шукалі падчас пандэміі, каб умацаваць імунітэт. Попыт рэзка вырас за два гады, але і выраслі кошты для вытворцаў з-за больш жорсткіх умоваў надворʼя. Калі кошт цяпер застанецца на здавальняючым узроўні, можна чакаць павелічэння насаджэнняў», – сказаў ён.

Большая частка чарнаплоднай рабіны ідзе на экспарт. Практычна цалкам у апрацаваным выглядзе. Ягады можна захоўваць у халадзільніках на працягу месяца. Што тычыцца экспарту, то рабіна пакідае Польшчу ў замарожаным выглядзе, соках, канцэнтратах або гатовых прадуктах.

Атрымальнікі чарнаплоднай рабіны – гэта, між іншым, ЗША, Кітай і Германія.

ав