Беларуская Служба

З новага года мінімальная зарплата ў Польшчы складзе амаль 664,5 еўра

14.09.2021 18:12
На 7,5 працэнта павысіцца таксама мінімальная пагадзінная стаўка.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

Урад Польшчы прыняў пастанову, згодна з якой мінімальны заробак у наступным годзе складзе 3 010 злотых (амаль 664,5 еўра), паведаміла міністр сям'і і сацыяльнай палітыкі. Марлена Малёнг(Marlena Maląg) адзначыла, што гэта рост на 210 злотых (больш за 46 еўра) у параўнанні з бягучым годам.

На 7,5 працэнта павысіцца таксама мінімальная пагадзінная стаўка, якая ў будучым годзе складзе 19 злотых і 70 грошаў ( больш за 4 еўра).

Паводле Марлены Малёнг, гэта павінна забяспечыць стабілізацыю для тых палякаў, якія атрымліваюць самыя нізкія заробкі:

- У 2015 годзе, калі правая партыя «Права і справядлівасць» пачынала кіраваць у Польшчы, мінімальны заробак складаў 1 750 злотых (больш за 387 еўра). Сёння гэта 2 800 злотых (больш за 618), а з 1 студзеня 2022 года – ён складзе згаданыя 3 010 злотых (амаль 664,5 еўра). Такім чынам, з 2015 года зарплата павялічыцца на 72 працэнты.

Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў, мінімальную заработную зарплату ў Польшчы зараз атрымліваюць прыкладна 2 мільёны 400 тысяч чалавек.

IAR/аз