Беларуская Служба

У Беластоку плануюць усталяваць помнік апошняму даваеннаму прэзідэнту горада

20.09.2021 16:15
У кастрычніку 1939 года Севярын Навакоўскі быў арыштаваны НКУС і яго лёс да гэтай пары застаецца невядомым.
Севярын Навакоўскі Autorstwa Nieznany - NAC, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=56149753

У Беластоку будзе ўсталяваны помнік Севярыну Навакоўскаму – апошняму даваеннаму прэзідэнту горада. За гэта аднадушна прагаласавалі прадстаўнікі гарсавета.

Спачатку ідэю помніка падтрымалі больш за 1,5 тысячы жыхароў горада. Помнік павінен быць фінансаваны з гарадскога бюджэту на 2021 год. Кошт ацэньваецца ў 280 тысяч злотых.

Севярын Навакоўскі нарадзіўся ў 1894 годзе ў Пётркаве Трыбунальскім, у цэнтральнай Польшчы. У Беласток ён прыехаў у пачатку 1930 -х гадоў і спачатку займаў пасаду ўрадавага камісара, а ў 1934 годзе стаў прэзідэнтам Беластока. Горадам ён кіраваў да пачатку Другой сусветнай вайны.

У кастрычніку 1939 года, ён быў арыштаваны НКУС, і яго лёс да гэтай пары застаецца невядомым. Гісторыкі мяркуюць, што ён быў дэпартаваны ўглыб СССР і там памёр.

PAP/аз