Беларуская Служба

Сёння пачынаюцца двухдзённыя перамовы прэзідэнтаў Польшчы і Украіны аб бяспецы ў рэгіёне

20.01.2022 08:16
Перамовы датычаць небяспекі ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны.
    .   .
Прэзідэнты Украіны і Польшчы У. Зяленскі і А. Дудафота: PAP/Leszek Szymański

Прэзідэнты Польшчы і Украіны пачынаюць сёння двухдзённыя перамовы аб сітуацыі з бяспекай у рэгіёне, уключаючы пагрозу далейшай агрэсіі Расіі ва Украіне. Анджэй Дуда прыме Уладзіміра Зяленскага ў рэзідэнцыі прэзідэнта Польшчы ў гарадку Вісла.

Перамовы пачнуцца ў другой палове дня ў вузкай групе. На мерапрыемства не запрошаныя СМІ.
У аўторак прэзідэнт Анджэй Дуда правёў канферэнцыю з кіраўнікамі сілавых міністэрстваў і МЗС. Як паведаміў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Павел Солах, сустрэча паслужыла выпрацоўцы звароту польскіх уладаў да саюзнікаў і Расіі. «Мы стараемся актыўна прадбачыць магчымыя падзеі», – падкрэсліў міністр. Як ён дадаў, НАТО ў цэлым разглядае ваенную падтрымку Украіны. Ён таксама спаслаўся на прыклад брытанскіх паставак супрацьтанкавай зброі для Украіны.

Перамовы прэзідэнтаў Дуды і Зяленскага адбываюцца на наступны дзень пасля візіту ў Кіеў амерыканскага дзяржсакратара Энтані Блінкена. Палітык абяцаў пастаўкі дапамогі, якая павінна «дапамагчы ёй абараніцца». Кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба заявіў, што Кіеў чакае, што ЗША і ЕС узгодняць пакет санкцый супраць Расіі.

Апошнім часам Масква сабрала на мяжы з Украінай больш за 100 тысяч салдат. Расія патрабуе ад Альянсу вывесці войскі са свайго ўсходняга флангу і абяцаць, што NATO не будзе пашыраць свой уплыў на Усходнюю Еўропу.

Апошняя сустрэча прэзідэнтаў Польшчы і Украіны, таксама з удзелам прэзідэнта Літвы, прайшла месяц таму ў Гуце на захадзе Украіны. У сумеснай дэкларацыі прэзідэнты Дуда, Зяленскі і Наўседа заклікалі міжнародную супольнасць заняць цвёрдую пазіцыю ў адносінах Расіі.

IAR PR/нг