Беларуская Служба

Польскае балтыйскае марское параходства набудзе новы паром

24.01.2022 08:02
Паром плануецца эксплуатаваць на трасе з польскага Свінауйсця ў шведскі горад Істад.
Nowy prom dla Polskiej Żeglugi Bałtyckiej
Nowy prom dla Polskiej Żeglugi BałtyckiejPAP/Adam Warżawa

Польскае балтыйскае марское параходства (Polska Żegluga Bałtycka) з галаўным офісам у горадзе Калобжэг плануе купіць новы грузапасажырскі паром. На гэтую мэту з дзяржаўнага бюджэту выдаткавана 140 млн злотых (больш за 25 млн еўра). Паром плануецца эксплуатаваць на трасе з польскага Свінауйсця ў шведскі горад Істад.

Паром будзе хадзіць па Балтыцы пад маркай Polferries, якая з’яўляецца ўласнасцю Польскага балтыйскага марскога параходства. Паступленне парома на службу запланавана на канец 2023 года. Разглядаецца магчымасць набыцця новай плывучай адзінкі альбо яе працяглая арэнда.

Польскае балтыйскае марское параходства – дзяржаўная суднаходная кампанія, заснаваная ў 1976 годзе. Пяць грузапасажырскіх паромаў марскога аператара абслугоўваюць трасы са Свінауйсця і Гданьска ў парты Швецыі і Даніі. Новы паром, набыццё якога запланаванае да канца будучага году, будзе шостым у флоце кампаніі.

вс

на фота: адзін з паромаў Polferries