Беларуская Служба

Прэм’ера спектаклю «Рамантычнасць» групы «Купалаўцы» ў Польскім тэатры – у суботу

06.10.2022 09:18
     .    8         .
На Вялікай сцэне Польскага тэатра А. Шыфмана ў Варшаве 8 кастрычніка адбудзецца прэм'ера спектакля «Рамантычнасць» паводле твораў Адама Міцкевіча.Фота з адкрытых крыніц.

На Вялікай сцэне Польскага тэатра А. Шыфмана ў Варшаве 8 кастрычніка адбудзецца прэм'ера спектакля «Рамантычнасць» паводле твораў Адама Міцкевіча ў выкананні артыстаў незалежнай беларускай тэатральнай групы «Купалаўцы».

Рэжысёр спектакля – Мікалай Пінігін.

«Як вядома, Адам Міцкевіч нарадзіўся ў Навагрудку, што за 130 кіламетраў ад Мінска, і называў сябе літвінам. У выніку палітыкі Расійскай імперыі і гістарычных ліхалеццяў жамойты на гэтых тэрыторыях сталі называць сябе літвінамі», а літвіны – беларусамі», – нагадаў аўтар сцэнарыя і рэжысёр спектакля Мікалай Пінігін.

«Што ж... Прыміце, спадар Адам, вашы балады на той мове, на якой вы іх некалі чулі. Ад нас, беларусаў», – сказаў рэжысёр.

Незалежны беларускі тэатральны калектыў «Купалаўцы» быў заснаваны ў 2020 годзе. У яго ўваходзяць былыя артысты Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску, найстарэйшага драматычнага тэатра Беларусі.

Нагадаем, у 2020 годзе тэатр рыхтаваўся да святкавання стагоддзя, «аднак 26 жніўня большая частка калектыву пакінула працу ў знак салідарнасці з народам Беларусі, які выйшаў на вуліцы пратэставаць супраць гвалту і беззаконня, якія пашыраліся ў краіне». «Незалежны калектыў «Купалаўцы» зʼехаў з дому, але людзі вераць, што вернуцца туды. І доўгую дарогу дадому людзі ствараюць сабе творчасцю», – напісана на сайце тэатра.

Харэаграфію ў спектаклі падрыхтаваў Пётр Чубовіч. Выканаўцы беларускага тэатральнага калектыву «Купалаўцы» і хору: Моніка Даўкшо, Аляксандра Фёдарава, Клаўдзія Голань, Марыя Казлоўская і Міхаліна Лайтар.

Спектакль будзе ісці на беларускай мове (будуць паказаны польскія субтытры).

Прэмʼера – 8 кастрычніка а 19-й на Вялікай сцэне Польскага тэатра ў Варшаве. Яшчэ адно выступленне – 9 кастрычніка.

Спектакль быў прафінансаваны Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны і самакіраваннем Мазавецкага ваяводства.

PAP / вх