Беларуская Служба

Польскі парламент ушанаваў памяць ахвяр Галадамору 1932-1933 гг.

02.12.2022 09:34
У рэзалюцыі адзначаецца, што Вялікі голад быў свядомай, спланаванай і паслядоўнай акцыяй кіруючага ў Савецкім Саюзе дэспатычнага бальшавіцкага рэжыму.
Помнік ахвярам Галадамору ў Кіевефота: МЗС Украіны

Польскі Сейм (ніжэйшая палата парламенту) у прынятай рэзалюцыі згадаў 90-ю гадавіну Галадамору ва Украіне. Аўтары ўшанавалі памяць ахвяр трагедыі 1932-1933 гадоў, тых, хто выжыў, і іх сем'і.

У рэзалюцыі адзначаецца, што Вялікі голад, або Галадамор, быў свядомай, спланаванай і паслядоўнай акцыяй кіруючага ў Савецкім Саюзе дэспатычнага бальшавіцкага рэжыму, накіраванай на зламанне супраціву ўкраінскага насельніцтва. «Галадамор забраў мільёны жыццяў і застаецца крывацёчнай ранай у сучаснай гісторыі Украіны», – гаворыцца ў тэксце рэзалюцыі.

Сейм падкрэсліў, што «сёння, праз 90 гадоў пасля гэтых трагічных падзеяў, Расійская Федэрацыя зноў выкарыстоўвае голад як зброю і шантажуе свет перспектывай яго прыходу», адначасова вінавацячы дэмакратычныя грамадствы ў тым, што яны спрыяюць дэфіцыту харчавання ў свеце.

«РФ вядзе прапагандысцкую кампанію ў многіх краінах свету, уключаючы Афрыку, Блізкі Усход і Азію, і вінаваціць Захад у вайне ва Украіне і яе наступствах, а таксама адмаўляе ўплыў ваенных дзеянняў ва Украіне на сусветную харчовую бяспеку», – гаворыцца ў рэзалюцыі Сейму.

Палата таксама асудзіла ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, накіраваныя перш за ўсё на знішчэнне энергетычнай інфраструктуры, падкрэсліўшы, што гэтыя дзеянні заслугоўваюць рашучага супрацьстаяння. Дэпутаты таксама адзначылі, што «ужо выяўленыя доказы ваенных злачынстваў зʼяўляюцца чарговым пацвярджэннем варварскага характару расійскай агрэсіі».

Сейм заахвочвае да распаўсюджвання інфармацыі аб Галадаморы 1932-1933 гадоў «з мэтай пашырэння ведаў аб гэтай неймавернай чалавечай трагедыі, у выніку якой загінулі нявінныя ахвяры».

iar/нг