Беларуская Служба

У 2022 годзе авіяпорт Варшава-Модлін абслужыў 3 млн 126 тыс. пасажыраў  

24.01.2023 09:02
Варшава-Модлін – другі сталічны аэрапорт пасля аэрапорту імя Фрыдэрыка Шапэна, адкрыты ў 2012 годзе.
Lotnisko w Modlinie
Lotnisko w ModlinieMarkus Mainka/shutterstock

У 2022 годзе авіяпорт Варшава-Модлін абслужыў 3 млн 126 тыс. пасажыраў. Сярэднемесячная лічба абслужаных пасажыраў складае 260 тыс. 500 чалавек. Летась у аэрапорце здзейснена 22 тыс. 383 пасадак і ўзлётаў. У параўнанні з 2021 годам пасажырапаток у аэрапорце вырас больш чым у два разы, а ў параўнанні з 2019-м, годам да пандэміі  - на 1 %.

Найбольш папулярным напрамкам, куды лёталі пасажыры з аэрапорту Варшава-Модлін, быў Лондан. На чарговых месцах апынуліся Дублін, Мілан, Рым, Брусель, Стакгольм, Парыж, Осла, Рыга, Барселона і Вена. Агулам у мінулым годзе з Варшавы-Модліна можна было паляцець у 65 аэрапортаў.

Варшава-Модлін з’яўляецца галоўнай польскай базай ірландскай бюджэтнай авіякампаніі Ryanair. Авіялініі да нядаўняга часу былі адзінай авіякампаніяй, якая лётала са згаданага аэрапорта. Восенню 2022 года з Кішынёва ў Варшаву пачала здзяйсняць рэйсы авіякампанія Air Moldova з частатой тры разы на тыдзень.

Адкрыты ў 2012 годзе Варшава-Модлін – другі сталічны аэрапорт пасля аэрапорту імя Фрыдэрыка Шапэна. Ён знаходзіцца ў 35 км на паўночным захад ад Варшавы.     

вс