Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам унутраных спраў Польшчы

24.01.2023 19:46
«Верагоднасць удзелу беларускіх войскаў у вайне паступова павышаецца, а гэта азначае, што вайна можа прыйсці і ў Беларусь».
Святлана Ціханоўская і Мар'юш Каміньскіфота: twitter.com/Kaminski_M_

Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінета сустрэліся з міністрам унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Мар’юшам Каміньскім.

Удзел у сустрэчы браў таксама віцэ-міністр унутраных спраў Польшчы Барташ Градзецкі і пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, а з беларускага боку – намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і прадстаўнік па міжнародных справах Валер Кавалеўскі і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы, падпалкоўнік Валерый Сахашчык.

Паводле прэс-службы Аб’яднанага пераходнага кабінета, бакі абмеркавалі наступныя пытанні.

1. Спрашчэнне легалізацыі і міграцыйных працэдураў для беларусаў. Беларускі бок папрасіў паспрыяць у тым, каб зрабіць працэдуры больш эластычнымі і хуткімі. Ужо створаная і дзейнічае працоўная група ў МУС Польшчы, якая займаецца вырашэннем міграцыйных пытанняў беларусаў у Польшчы;

2. Выдача альтэрнатыўных дакументаў новай Беларусі – каб Польшча падтрымала ініцыятыву, над якой працуюць дэмакратычныя сілы. Гэта дапаможа тысячам беларусаў, якія апынуліся ў Еўропе, не могуць вярнуцца ў Беларусь і не маюць належных дакументаў;

3. Падтрымка беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне;

4. Пытанне прыцягнення да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях і вайне ва Украіне;

5. Унутраную сітуацыю ў Беларусі, верагоднасць уступу беларускіх войскаў у вайну і магчымасць падтрымкі рэпрэсаваных беларусаў.

Пасля сустрэчы Святлана Ціханоўская заявіла, што «верагоднасць удзелу беларускіх войскаў у вайне паступова павышаецца, а гэта азначае, што вайна можа прыйсці і ў Беларусь».

«І вельмі важна, каб было ўсведамленне, што сапраўдная перамога Украіны ў вайне патрабуе і вырашэння крызісу ў Беларусі», – сказала лідар беларускай апазіцыі.

«Мы разумеем, што толькі вольная, дэмакратычна і еўрапейская Беларусь можа гарантаваць Украіне бяспеку і быць сапраўдным паказальным дзейсным і рэгіянальным партнёрам», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

вс