Беларуская Служба

Нямецкі экспарт у Расею зноў вырас

15.07.2019 11:37
У 2018 годзе нямецкія кампаніі прадалі ў Расею тавараў на агульную суму 25,9 мільярдаў еўра – на 130 млн еўра больш, чым годам раней.
Zdjęcie ilustracyjne.
Zdjęcie ilustracyjne.Shutterstock

Нягледзячы на санкцыі Еўрапейскага Звязу ў дачыненні да Масквы, паказчыкі экспарту Нямеччыны ў Расейскую Федэрацыю крыху ўзраслі. У 2018 годзе нямецкія кампаніі прадалі ў Расею тавараў на агульную суму 25,9 мільярдаў еўра – на 130 млн еўра больш, чым годам раней, паведаміла агенцтва dpa ў панядзелак, 15 ліпеня, спасылаючыся на адказ урада ФРГ на запыт дэпутата бундэстагу ад Левай партыі Дзітмара Барча (Dietmar Bartsch).

Статыстыка па экспарце «у значнай меры адлюстроўвае развіццё кан'юнктуры ў Расейскай Федэрацыі», адзначаецца ў дакуменце.
У чэрвені Эўразвяз у чарговы раз – да 31 студзеня 2020 году – падоўжыў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да «спецыфічных сектараў расейскай эканомікі». Першапачаткова штрафныя меры былі ўведзеныя 31 ліпеня 2014 года тэрмінам на адзін год у адказ на дзеянні Расеі, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне. У верасні 2014 года яны былі ўзмоцненыя.

Абмежавальныя меры ЕЗ у галіне эканомікі датычацца фінансавага, энергетычнага і абароннага сектараў гаспадаркі РФ, а таксама тавараў падвойнага прызначэння. Эканамічныя санкцыі ўключаюць у сябе абмежаванне доступу на першасны і другасны рынак капіталу ЕС для пяці расейскіх фінансавых устаноў, экспартная ды імпартныя забарона на гандаль зброяй і гэтак далей.

паводле dw.com/эж