Беларуская Служба

Украіна і Малдова рыхтуюць новы маршрут імпарту газу з Румыніі

20.08.2019 10:03
Чакаецца, што ўжо 1 студзеня 2020 будзе створана пастаянная магутнасць для імпарту з Румыніі аб'ёмам 1,5 млрд кубаметраў газу ў год.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo:Magnascan/pixabay.com/CC0 Public Domain

Укртрансгаз і Малдоўгаз, сумесна з аператарамі ГТС іншых краін, узгаднілі неабходныя тэхнічныя рашэнні для стварэння новых імпартных магутнасцяў на базе сістэмы Трансбалканскіх трубаправодаў па кірунку „поўдзень-поўнач” (рэверс па трубаправодзе Транзіт-1). Пра гэта „Еўрапейскай праўдзе” паведамілі ў прэс-службе Укртрансгаза.

„Галоўнай мэтай супрацоўніцтва з'яўляецца дыверсіфікацыя маршрутаў паставак газу ва Украіну ў рамках падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду 2019/2020”, - гаворыцца ў паведамленні, якое прыводзіць „Наша Ніва”.

Чакаецца, што ўжо 1 студзеня 2020 будзе створана пастаянная магутнасць для імпарту з Румыніі аб'ёмам 1,5 млрд кубаметраў газу ў год, незалежна ад аб'ёмаў транзіту расійскага газу па тэрыторыі Украіны.

Транспарціроўка блакітнага паліва ад пункту Ісакча-1 - Арлоўка будзе адбывацца па магістральных газаправодах „Паасобная — Ізмаіл” і „Шабялінка - Днепрапятроўск - Крывы Рог – Ізмаіл”.

Спецыялісты Укртрансгаза і Малдоўгаза ўзгаднілі мадэрнізацыю памежных газавымяральных станцый ГВС „Грабенікі” (Украіна) і ГВС „Каўшаны” (Малдова) для працы ў рэверсным рэжыме.

Украінскі бок плануе пабудаваць дадатковыя абводныя лініі газаправодаў, усталяваць новыя тэхналагічныя перамычкі з мантажом трох шаравых кранаў і завяршыць рэканструкцыю ГВС „Грабенікі” да канца 2019 года.

„Для Украіны і Малдовы гэты праект мае стратэгічнае значэнне, бо дыверсіфікаваўшы шляхі паставак газу, абедзве дзяржавы падвысяць надзейнасць і бесперабойнасць забеспячэння блакітным палівам сваіх спажыўцоў”, — кажуць у Укртрансгаз.

Нагадаем, у траўні 2018 года Укртрансгаз паспяхова ажыццявіў ацэнку попыту на ўваходныя магутнасці ва Ўкраіну з Румыніі і пацвердзіў эканамічную мэтазгоднасць стварэння такіх магутнасцяў на трансбалканскім маршруце.

аз