Беларуская Служба

Славаччына падтрымлівае еўрапейскія санкцыі супраць Расіі

21.08.2019 13:21
Прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутова адзначыла, што, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, у Славаччыне, Расія спрабуе паўплываць на грамадскую думку, выкарыстоўваючы фальшывыя навіны
Zuzana Czaputova
Zuzana CzaputovaPAP/EPA/JAKUB GAVLAK

Новы прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутова ў інтэрв'ю нямецкай газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung падкрэсліла, што яе краіна падтрымлівае эканамічныя санкцыі Еўрапейскага Звязу супраць Расіі. Паводле яе слоў, іх можна адмяніць толькі пасля таго, як Крэмль выканае пэўныя ўмовы.

«Мы разглядаем Расію як важнага сусветнага гульца, з якім мы павінны імкнуцца да канструктыўнага дыялогу. Але гэта ніколі не можа адбыцца цаною каштоўнасцей, якія мы падзяляем у Еўрапейскім Саюзе. Гэта датычыцца і эканамічнага супрацоўніцтва », – сказала славацкі прэзідэнт.

«Што тычыцца стаўлення Расіі да Украіны, мы адназначна падзяляем пазіцыю Еўразвязу і падтрымліваем эканамічныя санкцыі аж да нармалізацыі сітуацыі, гэта значыць да рэалізацыі мінскіх пагадненняў», – заявіла Чапутова.

Яна адзначыла, што, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, у Славаччыне, Расія спрабуе паўплываць на грамадскую думку, выкарыстоўваючы фальшывыя навіны. Яна таксама нагадала, што летась Славакія выслала расійскага дыпламата, якога абвінавацілі ў шпіянажы.

PAP/эж