Беларуская Служба

У Сірыі тысячы ўцекачоў вяртаюцца ў свае дамы

15.09.2019 16:40
31 жніўня ў паўночна-заходняй частцы Сірыі было аб'яўлена перамір'е.
 . ,
Ілюстрацыйны здымак. Ідліб, СірыяShutterstock

Сірыйскія ўрадавыя СМІ паведамляюць, што ў свае дамы вяртаюцца тысячы ўцекачоў. Паводле інфармацыі Незалежнай абсерваторыі правоў чалавека, у паўночна-заходнюю частку Сірыі вярнулася каля трох тысяч людзей, якія да гэтае пары знаходзіліся ў іншых рэгіёнах дзяржавы.

Паводле дзяржаўнага агенцтва САНА, жыхары вяртаюцца ў паўночную частку правінцыі Гама і паўднёвую частку правінцыі Ідліб. Урадавыя войскі перамаглі там джыхадыстаў ды іх прыхільнікаў. Паводле інфармацыі агенцтва, уцекачы, якія вяртаюцца ў свае дамы, атрымліваюць падтрымку ад ураду.

31 жніўня ў паўночна-заходняй частцы Сірыі быў спынены агонь, перамір’е падтрымлівае Расія, якая выступае па баку сірыйскага ўраду. За восем гадоў грамадзянскай вайны ў Сірыі загінула амаль палова мільёна чалавек, а 12 мільёнаў былі прымушаныя пакінуць свае дамы.

ІАР ПР/нг