Беларуская Служба

Прэзідэнт Францыі абрынуўся з крытыкай на НАТА

08.11.2019 13:32
«Калі заходнія палітыкі крытыкуюць выказванні французскага прэзідэнта, а палітыкі ў Расіі апладзіруюць, то больш няма чаго дадаць пра гэта інтэрвʼю».
Эмануэль Макрон PAP/EPA/IAN LANGSDON

Эмануэль Макрон даў вялікае інтэрв’ю англійскаму штотыднёвіку The Economist. У прыватнасці Макрон заявіў аб адсутнасці лідарства ЗША і «смерці мазгоў» НАТА. Французскі лідар таксама выказаў сумнеў у эфектыўнасці 5-га артыкула Вашынгтонскай дамовы, то-бок артыкула аб узаемнай абароне ўсіх чальцоў блоку.

Францыя не з'яўляецца надзвычай важным чальцом Паўночнаатлантычнага альянсу, але гэта інтэрвʼю за некалькі тыдняў да юбілейнага саміту з нагоды 70-й гадавіны стварэння НАТА выклікала хваляванні.

«Дзёрзкія тэзісы, шакавальныя каментары аб 5-м артыкуле Вашынгтонскай дамовы проста дурныя і пыхлівыя», – сказаў у каментары карэспандэнтцы Польскага Радыё ў Бруселі Бэаце Пламецкай адзін з дыпламатаў Альянсу.

Іншы дадаў, што, калі ўзнікаюць сумневы сярод саюзнікаў, то пра гэта не гавораць публічна, а іх выказваюць падчас сумесных сустрэч за зачыненымі дзвярыма. «Часам падчас такіх нарад адбываюцца вострыя дыскусіі, але гэта застаецца паміж хаўруснікамі», – сказаў ананімны вайсковец.

З выказваннямі французскага прэзідэнта не пагадзіўся кіраўнік Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Столтэнберг, якога журналісты спыталі аб гэтым інтэрвʼю падчас ягонага візіту ў Берлін. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пенс таксама не пагадзіліся з заявамі Эмануэля Макрона.

Адзін з дыпламатаў блоку НАТА так пракаментаваў гэтае інтэрвʼю: «Калі заходнія палітыкі крытыкуюць выказванні французскага прэзідэнта, а палітыкі ў Расіі апладзіруюць, то больш няма чаго дадаць пра гэта інтэрвʼю».

IAR/эж