Беларуская Служба

У Кітаі ад каронавіруса памёр чацвёрты чалавек

21.01.2020 11:26
15 чалавек медперсаналу таксама заражаныя вірусам, стан аднаго з іх крытычны.
КітайPAP/EPA/WU HONG

Кітай паінфармаваў пра смерць чацвёртага чалавека, заражанага новым відам каронавіруса, які выклікае запаленне лёгкіх. Смяротны выпадак здарыўся ў горадзе Ухань, дзе напярэдадні Новага году адбыўся выбух эпідэміі віруса.

Чацвёртай смяротнай ахвярай стаў 89-гадовы мужчына, у якога сімптомы каронавіруса былі сцверджаныя 13 студзеня. Праз пяць дзён ён трапіў у шпіталь. Лекары патлумачылі, што ён памёр ад гіпертаніі, цукровага дыябету і ішэмічнай хваробы.

Гарадская камісія па пытаннях здароўя Уханя паінфармавала, што 15 чалавек медперсаналу заражаныя каронавірусам, стан аднаго з іх крытычны.

Небяспечны вірус выклікае вельмі цяжкі тып запалення лёгкіх. Кітайскія ўлады запэўніваюць, што распаўсюджванне новага тыпу віруса знаходзіцца пад кантролем. Адначасова, яны інфармуюць, што пакуль не высветлена, якім шляхам распаўсюджваецца вірус, не вядомае таксама яго паходжанне.

Сусветная арганізацыя здароўя выслала ва ўсе шпіталі свету рэкамендацыі па прафілактыцы захворванняў і іх кантролі. У многіх міжнародных аэрапортах, між іншым, у ЗША, Японіі, Тайландзе, Сінгапуры і Паўднёвай Карэі прыезджыя з Уханя праходзяць медычны кантроль. Два выпадкі захворвання сцверджаныя ў Тайландзе і па адным у Паўднёвай Карэі і Японіі.

ав