Беларуская Служба

Прэм’ер Ізраілю назваў галоўны антысеміцкі рэжым сучаснасці

23.01.2020 16:44
Біньямін Нетаньяху заявіў, што Ізраіль зрабіў высновы з Галакосту, яго краіна назаўжды застанецца гаспадаром свайго лёсу.
Біньямін Нетаньяху PAP/EPA/ABIR SULTAN / POOL

Біньямін Нетаньяху заклікаў сусветных лідараў да барацьбы з антысемітызмам. Падчас сваёй прамовы на пятым Сусветным форуме Галакосту ў Іерусаліме кіраўнік ізраільскага ўраду Біньямін Нетаньяху назваў Іран «самым антысеміцкім рэжымам у свеце». Палітык заявіў, што Ізраіль зрабіў высновы з Галакосту. Нетаньяху пераконваў, што яго краіна назаўжды застанецца гаспадаром свайго лёсу:

-Баюся, што мы яшчэ не ўбачылі адзінагалоснага і яснага становішча ў дачыненні да самага антысеміцкага рэжыму на свеце. Рэжыму, які адкрыта дамагаецца стварэння атамнай, зброі з мэтай знішчэння адзінай габрэйскай дзяржавы. Ізраіль аддае даніну пашаны прэзідэнту Трампу і віцэ-прэзідэнту Пэнсу за супрацьстаянне тыранам з Тэгерану, якія падпарадкоўваюць сабе ўласны народ.

Падчас Сусветнага форуму Галакосту таксама выступіў прэзідэнт Ізраілю Рэўвен Рыўлін. Прэзідэнт Рыўлін заклікаў лідараў 40 дзяржаваў, якія прысутнічалі на ўрачыстасці ў Іерусаліме, помніць пра Другую сусветную вайну, помніць пра Галакост.

«Калі мы не будзем памятаць, гісторыя можа паўтарыцца», – перасцерагаў прэзідэнт Ізраілю Рэўвен Рыўлін.

IAR/эж