Беларуская Служба

У дзевяці гарадах Кітая па прычыне каронавіруса ўведзены каранцін

24.01.2020 15:11
Колькасць смерцяў узрасла з 17 да 25 чалавек, усяго зарэгістравана больш за 800 выпадкаў захворвання. 
Эпідэмія ў КітаіPAP/EPA/MAXIM SHIPENKOV

У сувязі з эпідэміяй каронавіруса ў дзевяці буйных гарадах Кітая абмежавана перамяшчэнне насельніцтва. Каранцін абвешчаны ў правінцыі Хубэй, дзе адбылася ўспышка віруса. Абмежаваннямі ахоплены раёны, дзе пражывае больш за 30 млн чалавек.

У Кітаі колькасць смерцяў ад новага тыпу каронавіруса ўзрасла з 17 да 25 чалавек, усяго зарэгістравана больш за 800 выпадкаў захворвання. У горадзе Ухань, дзе вірус паявіўся ўпершыню, у бліжэйшыя некалькі дзён будзе пабудавана бальніца на тысячу ложкаў.

У мясцовасцях, ахопленых каранцінам, прыпынены рух грамадскага і міжгародняга транспарту. У Пекіне зачынена галоўная славутасць – палацавы комплекс «Забаронены горад», у Шанхаі – Дыснейленд.

Акрамя Кітая, выпадкі заражэння каронавірусам зафіксаваныя, сярод іншага ў Японіі, Паўднёвай Карэі, Тайландзе, Ганконгу і Тайвані. Першы выпадак за межамі Азіі – у ЗША. На сённяшні дзень большасць інфіцыраваных – гэта жыхары Уханя і прыезджыя.

Раней Брусель павысіў узровень пагрозы заражэння новым тыпам каронавіруса з нізкага да ўмеранага. Сусветная арганізацыя аховы здароўя, тым не менш, пакуль не лічыць эпідэмію новага захворвання глабальнай пагрозай.

Першыя прыкметы каронавірусной інфекцыі падобныя на прыкметы грыпу. Гэта, у першую чаргу, высокая тэмпература, галаўны боль, боль у горле і кашаль, пачуццё знясілення, адсутнасць апетыту і ўскладненае дыханне.

ав