Беларуская Служба

Колькасць ахвяр землятрусу ў Турэччыне расце

26.01.2020 10:58
Агулам ужо 45 чалавек былі выратаваныя з-пад завалаў, уключаючы жанчыну, якая знаходзілася пад абломкамі дома 17 гадзін
Наступствы землятрусу Foto: PAP/EPA/HUMANITARIAN RELIEF FOUNDATION HANDOUT

Колькасць смяротных ахвяраў землятрусу ўзрасла да 31. Паводле інфармацыі ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Турэччыны (AFAD), 1547 чалавек атрымалі раненні, а ратавальнікі працягваюць пошукавыя працы.

Агулам ужо 45 чалавек былі выратаваныя з-пад завалаў, уключаючы жанчыну, якая знаходзілася пад абломкамі дома 17 гадзін. У пошукава-выратавальнай акцыі задзейнічана больш за 3,4 тысяч ратавальнікаў, сотні транспартных сродкаў і 17 службовых сабак.

Група геадэзістаў ацэньвае шкоду, нанесеную землятрусам. У першапачатковых справаздачах гаварылася, што 76 будынкаў былі цалкам разбураныя, а 42 моцна пашкоджаныя, яшчэ 425 атрымалі нязначныя пашкоджанні.

Землятрус магнітудай 6,8, паводле Рыхтэра, закрануў турэцкую правінцыю Элязыг увечары пятніцы, 24 студзеня. Падземныя штуршкі адчуваліся і ў суседніх краінах, у тым ліку ў Сірыі і Грузіі. У рэгіёне адчувалася больш за 530 паўторных штуршкоў, дзевяць з іх – магнітудай вышэй за 4 балы.

паводле eurointegration.com/эж