Беларуская Служба

Парушальнікам каранціну ў Італіі павялічылі тэрмін пакарання да пяці гадоў турмы

25.03.2020 16:23
Значна павялічыліся штрафы: замест ранейшага штрафу ў 206 еўра парушальнікі будуць плаціць ад 400 да 3 тыс. еўра.
Рым у часе эпідэмііPAP/EPA/FABIO FRUSTACI

У Італіі істотна павялічылі пакаранне за парушэнне правілаў каранціну. Згодна з указам уладаў, з гэтага часу максімальнае пакаранне за парушэнне каранціну для носьбітаў каранавіруса, якія ведаюць аб сваім дыягназе, павялічылася з трох месяцаў да пяці гадоў пазбаўлення свабоды. Мінімальны тэрмін, які пагражае парушальнікам, складае адзін год, паведамляе «Нямецкая хваля».

Акрамя таго, значна павялічыліся і штрафы. Цяпер замест ранейшага штрафу ў 206 еўра парушальнікі будуць плаціць ад 400 да 3 тыс. еўра.

Таксама новы ўказ дае магчымасць мясцовым уладам уводзіць уласныя абмежаванні па барацьбе з каранавірусам, у залежнасці ад спецыфікі рэгіянальных умоў і абставінаў.

З 10 сакавіка, калі ў Італіі было абвешчана аб пачатку дзеяння каранціну, паліцыя правяла праверкі 2 млн грамадзян, выявіўшы больш за 100 тыс. парушэнняў. Паведамлялася, што супрацоўнікі праваахоўных органаў масава спынялі жыхароў ахопленых эпідэміяй паўночных раёнаў краіны, якім забаронены паездкі на поўдзень Італіі.

Італія займае першае месца ў Еўропе па распаўсюджванню каранавіруса, апярэдзіўшы нават Кітай па колькасці ахвяр пандэміі. Лік заражаных у Італьянскай Рэспубліцы складае больш за 64 тыс. чалавек, памерлі больш за 6 тыс. хворых.


вс