Беларуская Служба

У Празе дэмантавалі помнік маршалу Коневу

03.04.2020 13:40
Іван Конеў кіраваў падаўленнем народнага паўстання супраць камуністычных уладаў у Венгрыі.
Дэмантаж помнікаFoto: svoboda.org

У сталіцы Чэхіі, нягледзячы на пратэсты Масквы, дэмантаваны помнік маршалу СССР Івану Коневу. Менавіта пад яго камандаваннем савецкія войскі вызвалілі Прагу ад нацыстаў. Манументальную статую, размешчаную на тэрыторыі раёну Прага-6, у пятніцу, 3 красавіка, знялі з пастамента з дапамогай пад'ёмнага крана.

Паводле пражскай адміністрацыі, статуя палкаводца будзе выстаўлена ў якасці экспаната ў запланаваным «Музеі памяці 20 стагоддзя». «Конеў скінуты, але Конеў будзе стаяць – толькі ў музеі. У выніку адыграныя апошнія ноты ў гэтым эцюдзе», – пракаментаваў здарэнне кіраўнік раённай адміністрацыі Прага-6 Андрэй Колар. Міністэрства замежных спраў Расіі летась у верасні з глыбокім абурэннем адрэагавала на рашэнне пражскіх уладаў знесці помнік.

Помнік Коневу быў усталяваны ў Празе ў 1980 годзе. У адрозненне ад манумента Леніну, гэты помнік перажыў «аксамітную рэвалюцыю» у Чэхаславакіі 1989 года, але ў апошнія гады ўсё часцей падвяргаўся вандалізму. Чэхі палічылі манумент сімвалам савецкага прыгнёту, які выявіўся, сярод іншага, савецкай інтэрвенцыі ў ЧССР у 1968 годзе.

Таксама спрэчкі выклікае гістарычная постаць самога маршала, бо ў 1956 годзе – Іван Конеў у якасці галоўнакамандуючага Абʼяднанымі ўзброенымі сіламі краінаў Варшаўскага дагавора кіраваў падаўленнем народнага паўстання супраць камуністычных уладаў у Венгрыі. У часы ўзвядзення Берлінскай сцяны Іван Конеў займаў пасаду галоўнакамандуючага групай савецкіх войскаў у ГДР.

паводле dw.com/эж