Беларуская Служба

У Вашынгтоне апаганены помнік Тадэвушу Касцюшку

01.06.2020 10:11
Акт вандалізму меў месца падчас пратэстаў пасля смерці ў Мінеапалісе афраамерыканца Джорджа Флойда.
Знішчаныя аўтамабілі на вуліцы Вашангтона PAP/EPA/SHAWN THEW

У Вашынгтоне апаганены помнік Тадэвушу Касцюшку, які знаходзіцца недалёка ад Белага дому. Акт вандалізму меў месца падчас пратэстаў пасля смерці ў Мінеапалісе афраамерыканца Джорджа Флойда.

Удзельнікі пратэстаў напісалі фарбай на пастаменце антыўрадавыя і вульгарныя лозунгі. «Я абураны актам вандалізму, што закрануў помнік Тадэвушу Касцюшку, які змагаўся за незалежнасць Польшчы і Злучаных Штатаў», – напісаў пасол Польшчы ў ЗША Пётр Вільчэк. Кіраўнік дыпмісіі заклікаў амерыканскія ўлады як мага найхутчэй правесці рамонт помніка.

У сваю чаргу карэспандэнт Польскага радыё ў ЗША Марэк Валкускі назваў інцыдэнт «іроніяй лёсу», зазначыўшы, што Касцюшка быў прыхільнікам пашырэння правоў для чорнага насельніцтва Амерыкі.

46-гадовы чарнаскуры Джордж Флойд памёр падчас затрымання паліцыяй у Мінеапалісе. Неўзабаве пасля яго смерці ў інтэрнэце з'явіўся фільм, на якім бачна, як паліцэйскі моцна прыціскае мужчыну каленам да зямлі. Затрыманы крычыць, што ня мае як дыхаць, аднак паліцэйскі не рэагуе. Неўзабаве Флойд памірае.

Пасля інцыдэнту ў амерыканскіх гарадах пачаліся пратэсты, якія хутка перайшлі ў беспарадкі.
Паліцэйскіх, якія бралі ўдзел у затрыманні мужчыны, звольнілі са службы. Аднаму з іх высунутае абвінавачанне ў здзяйсненні забойства.

вс