Беларуская Служба

Польскія пажарныя і медыкі адправіліся з дапамогай у Бейрут

06.08.2020 14:16
Асноўнай задачай палякаў будзе пошук у рэгіёне, дзе адбыўся выбух.
        .
Польскія пажарныя і медыкі адправіліся з дапамогай у Бейрут.PAP/Mateusz Marek

Польскія пажарныя знаходзяцца ўжо ў Бейруце і чакаюць вызначэння задач мясцовымі ўладамі, паведаміў прэс-сакратар Дзяржаўнай пажарнай службы Кшыштаф Баторскі (Krzysztof Batorski). Група польскіх пажарных вылецела ў сталіцу Лівана ўчора. У Бейрут адправіліся таксама польскія медыкі.

Палякі ўжо пасля першых кансультацый з мясцовымі службамі. Іх асноўнай задачай будзе пошук у рэгіёне, дзе адбыўся выбух.

-У эпіцэнтры выбуху шанец на выжыццё невялікі. Пасля выбуху там з’явіўся агонь. Тэмпература перавышала тысячу градусаў Цэльсія. Чым далей ад эпіцэнтра, тым больш шанцаў, што нехта выжыў. Пасля выбуху дагэтуль не было вызначанае месца знаходжання некалькіх соцень чалавек. Польскія пажарныя будуць засяроджвацца на пошуку гэтых людзей.

У Ліван накіраваліся 43 пажарныя з пошукавых груп і сабакі. Разам з імі ў Бейрут паляцелі таксама медыкі з польскага Цэнтра міжнароднай дапамогі.

Выбух некалькіх тонаў канфіскаванай аміячнай салетры, якая захоўвалася на складзе ў порце ў ліванскай сталіцы, адбыўся ў аўторак. Ён быў настолькі моцны, што штуршкі зафіксавалі на Кіпры ў 240 кіламетрах ад Бейрута.

У выніку выбуху загінулі 137 чалавек, каля 5 тысяч атрымалі раненні.

аз