Беларуская Служба

Вядомы дырыжор адмовіўся ад ордэна, якім яго ўзнагародзіў Лукашэнка

12.08.2020 16:02
Артыст заявіў, што яму сорамна насіць ордэн, звязаны з кіраўніком, які стварыў «для свайго народа ўмовы жыцця, несумяшчальныя з гуманізмам і дэмакратыяй».
Уладзімір СпівакоўYouTube/screen

Вядомы савецкі і расійскі дырыжор ды скрыпач Уладзімір Співакоў адмовіўся ад Ордэна Францішка Скарыны, які ўручыў яму Аляксандр Лукашэнка. Народны артыст СССР заявіў, што яму сорамна насіць ордэн, звязаны з кіраўніком, які стварыў «для свайго народа ўмовы жыцця, несумяшчальныя з гуманізмам і дэмакратыяй». Пра гэта ён напісаў у адкрытым лісце да Лукашэнкі, паведамляе «Коммерсантъ».

«Сёння на вашым «свяце» (Лукашэнка неаднаразова называў выбары святам – рэд.) пануе цемрашальства, тыранія, гвалт і бясконцыя прыклады крайняй жорсткасці, з якой улады душаць волевыяўленне мноства грамадзян па ўсёй краіне... Сёння маё сэрца б'ецца ва ўнісон з народам Рэспублікі Беларусь, які правамерна патрабуе выканання элементарных правоў і свабод, уключаючы права на мірныя пратэсты. Таму ў сітуацыі, якая склалася, я вымушаны адмовіцца ад ордэна, якім вы мяне раней ўзнагародзілі. Мне сорамна яго насіць, паколькі гэта звязана з вашым кіраваннем», – напісаў дырыжор.

Музыкант нагадаў, што шматкроць выступаў у Мінску і іншых гарадах Беларусі, а 10 гадоў таму стварыў фестываль «Уладзімір Співакоў запрашае», дзякуючы якому ў рэспубліку «прыязджалі выбітныя артысты свету, славутыя балетныя трупы, унікальныя харавыя калектывы».

«Ваша «чорная» сіла – гэта ваша велізарная слабасць. Людзі нараджаюцца для таго, каб іх любілі, а не прыніжалі, і, тым больш, калечылі. Вы, верагодна, чулі пра тое, што «тыя, што плачуць, суцешацца?». Так і будзе!» – сказаў на заканчэнне артыст.

Уладзімір Співакоў быў узнагароджаны ордэнам у 2014 годзе.

вс