Беларуская Служба

Прэм’ер Чэхіі заклікаў паўтарыць выбары ў Беларусі ў прысутнасці замежных назіральнікаў

14.08.2020 09:31
Андрэй Бабіш дадаў, што падтрымлівае пазіцыю Польшчы, якая заклікала абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі на ўзроўні лідараў ЕС.
-    i    .
Прэм'ер-міністр Чэхіі Андрэй Бабіш i дзяржсакратар ЗША Майк Памеа.PAP/EPA/MARTIN DIVISEK

Выбары ў Беларусі павінны быць праведзеныя паўторна і ў прысутнасці замежных назіральнікаў, напісаў прэм'ер-міністр Чэхіі на сваім акаунце ў сацыяльных сетках. Андрэй Бабіш дадаў, што падтрымлівае пазіцыю Польшчы, якая заклікала абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі на ўзроўні лідараў ЕС.
 
„Я размаўляў з прэм'ер-міністрам Польшчы (Матэвушам Маравецкім) і разам мы прапануем (Шарлю Мішэлю) дыстанцыйную сустрэчу членаў Еўрапейскай рады”, - напісаў Андрэй Бабіш.

Паводле афіцыйных дадзеных беларускай ЦВК, Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца пры ўладзе ўжо 26 гадоў, у мінулую нядзелю зноў перамог на прэзідэнцкіх выбарах у краіне. З нядзелі па ўсёй Беларусі тысячы людзей выходзяць на вуліцы, каб пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў.

У выніку жорсткай рэакцыі з боку функцыянераў праваахоўных органаў загінулі два чалавекі, больш за 200 атрымалі раненні, а каля 7 тысяч былі затрыманыя.

Міжнародная супольнасць заклікала ўлады ў Мінску спыніць гвалт у краіне, вызваліць затрыманых і пачаць дыялог з народам.

Да пратэстаў далучаюцца таксама супрацоўнікі найбуйнейшых беларускіх заводаў. Яны гавораць пра агульнанацыянальную забастоўку і патрабуюць паўтору выбараў. Паводле паведамленняў, апошняя ноч у Беларусі была даволі спакойнай, то бок міліцыя і АМАП ставіліся да дэманстрантаў даволі мірна. З турмаў пачалі таксама выпускаць затрыманых, якія расказваюць пра здзек і катаванні падчас затрымання і ў месцах утрымання.

аз