Беларуская Служба

Дзярждэпартамент: ЗША не могуць прызнаць Аляксандра Лукашэнкі законным прэзідэнтам Беларусі

24.09.2020 09:40
Ужо больш за дзесяць краін заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнкі законна абраным прэзідэнтам Беларусі.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Злучаныя Штаты Амерыкі не могуць прызнаць Аляксандра Лукашэнкі законным прэзідэнтам Беларусі. Такую пазіцыю заняў Дзярждэпартамент ЗША. Амерыканская дыпламатыя ўказвае на парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў у гэтай краіне.

„Выбары 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі, а абвешчаныя вынікі былі фальсіфікаваныя. Злучаныя Штаты Амерыкі не могуць прызнаць Аляксандра Лукашэнкі законна абраным прэзідэнтам Беларусі”, - заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента, указваючы на шматлікія выбарчыя парушэнні.

Міністэрства дыпламатыі ЗША звярнула ўвагу на тое, што шляхам наперад павінен стаць нацыянальны дыялог, які прывядзе да свабодных і сумленных выбараў з удзелам незалежных назіральнікаў.

„Вызваленне арыштаваных і спыненне рэпрэсій супраць грамадзян, якія мірна пратэстуюць - гэта першы крок да сапраўднага нацыянальнага дыялогу”, - напісаў прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША.

Нагадваем, ужо больш за дзесяць краін заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнкі законна абраным прэзідэнтам. Сярод іх, Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Украіна, Германія, Славакія, Чэхія, Данія, Канада.

У заяве, якую выдаў вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, чытаем, што, на думку супольнасці, так званая „інаўгурацыя” Аляксандра Лукашэнкі і яго прэзідэнцкі мандат не маюць дэмакратычнай легітымнасці.

аз