Беларуская Служба

ЕС пашырыць санкцыі супраць Расіі за будаўніцтва моста праз Керчанскі праліў

28.09.2020 12:05
Згоду на гэта далі амбасадары краін Еўрасаюза, неафіцыйна даведалася Польскае радыё.
Сцяг Еўрапейскага СаюзаPhoto: moritz320/pixabay.com/CC0 Public Domain

Амбасадары краін ЕС далі згоду на пашырэнне санкцый супраць Расіі за будаўніцтва моста, які злучае тэрыторыю Расіі з акупаваным Крымам, неафіцыйна даведалася Польскае радыё. Шмат сведчыць пра тое, што санкцыі будуць канчаткова зацверджаны 1 кастрычніка.

Паводле інфармацыі Польскага радыё, санкцыі Еўрасаюза ахопяць дадатковыя 4 кампаніі, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве моста праз Керчанскі праліў. Фінансавыя актывы гэтых кампаній у Еўрапейскім Саюзе будуць замарожаныя. Апрача таго грамадзянам і прадпрыемствам з ЕС забараняецца прадастаўляць згаданым кампаніям грашовыя сродкі. Падобныя абмежаванні таксама будуць распаўсюджвацца на дзве новыя асобы, якім будзе забаронены ўезд у ЕС, а іх сродкі у еўрапейскіх банках – заблакаваныя.

Да гэтай пары санкцыі Еўрасаюза за падрыў тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны распаўсюджваліся на 44 кампаніі і 175 чалавек.

У сувязі з расiйскай агрэсіяй ва Украіне Еўрапейскі Саюз увёў таксама эканамічныя санкцыі, якія былі прадоўжаныя перад вакацыямі і дзейнічаюць да канца студзеня.

Найбуйнейшыя расійскія банкі і нафтавыя кампаніі па-ранейшаму маюць абмежаваны доступ да рынкаў капіталу. Таксама забаронена прадаваць расiйцам перадавыя тэхналогіі, у тым ліку звязаныя са здабычай нафты з арктычных радовішчаў. Працягваецца эмбарга на пастаўкі зброі.

аз