Беларуская Служба

ЗША заявілі пра гатовасць размясціць гіпергукавыя ракеты ў Еўропе

29.10.2020 09:12
16 кастрычніка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўзброеныя сілы краіны ўжо валодаюць гіпергукавымі ракетамі.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne3D generator/ Shutterstock

Злучаныя Штаты будуць гатовыя пры неабходнасці пайсці на разгортванне гіпергукавых ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе дзеля стрымлівання Расіі.

Пра гэта заявіў памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Роберт О'браэн, выступаючы ў Вашынгтонскім Гудзонаўскім інстытуце.

«Мы ствараем гіпергукавую зброю, мы ствараем сістэмы дастаўкі ў выглядзе балістычных ракет, якія дапамогуць гарантаваць бяспеку Амерыкі... абараніць нашых саюзнікаў і стрымліваць Кітай. Мы разгорнем такія ракеты, калі гэта будзе неабходна, у Еўропе, каб стрымліваць Расію», – сказаў памочнік прэзідэнта ЗША.

Оʼбраэн дадаў, што такія ж меры Вашынгтон гатовы распачаць у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне для стрымлівання Кітая, які, на думку амерыканскага боку, «скарыстаўся тым, што ЗША былі абмежаваныя Дамовай аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД)», і разгарнуў «тысячы ракет», накіраваных на саюзнікаў Злучаных Штатаў.

Раней у Пентагоне паведамілі, што Злучаныя Штаты распрацоўваюць гіпергукавую крылатую ракету, якую можна будзе запускаць з палубных самалётаў ваенна-марскіх сіл краіны. 16 кастрычніка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўзброеныя сілы краіны ўжо валодаюць гіпергукавымі ракетамі.

voanews.com/эж